Футбольная зборная Беларусі выйшла ў плэй-оф Лігі нацый (відэа)

Футбольная зборная Беларусі выйшла ў плэй-оф Лігі нацый (відэа)

Футбольная зборная Беларусі выйшла ў плэй-оф Лігі нацый УЕФА. У апошнім матчы групы дружына Ігара Крывушэнкі ў гасцях абыграла Сан-Марына — 2:0. Герой матчу з Люксембургам Станіслаў Драгун вызначыўся ўжо на 8-й хвіліне (у турніры ён забіў 5 галоў і знаходзіцца ў групе найлепшых бамбардзіраў) і гэты гол псіхалагічна разняволіў нашу каманду. Беларусы спакойна кантралявалі гульню з аўтсайдэрам, але не выкарысталі большасць створаных момантаў. Другі гол быў забіты толькі ў другім тайме, на 53-й трапна ўдарыў Антон Сарока (пасля перадачы Драгуна).

Беларуская зборная выступала ў наступным складзе: Чэрнік, Шытаў, Паліцевіч, Мартыновіч (капітан), Палякоў, Маеўскі (Кісляк, 81), Савіцкі (Скавыш, 66), Драгун, Глеб (Пуціла, 70), Стасевіч, Сарока.

У іншым матчы Малдова і Люксембург згулялі ўнічыю 1:1. Беларусы занялі першае месца ў групе 2 дывізіёна D. На яе рахунку 4 перамогі і 2 нічыі, забіта 10 мячоў, набрана 14 ачкоў. Зборная Беларусі — адзіная ў Лізе нацый, якая не прапускала галоў. Другое месца заняў Люксембург — 10 ачкоў, у Малдовы — 9, Сан-Марына ачкоў не набрала.

Спачатку зборная Беларусі разграміла Сан-Марына (8 верасня, Мінск, 5:0), пасля была гасцявая нічыя з Малдовай (11 верасня, 0:0) і перамога над Люксембургам (12 кастрычніка, Мінск, 1:0). Рэзкую крытыку з боку кіраўніка дзяржавы гульня зборнай выклікала пасля хатняй нічыі з Малдовай (15 кастрычніка, 0:0). Аднак у гасцях удалося абыграць самага нязручнага саперніка — Люксембург (15 лістапада, 2:0), пасля чаго беларусы сталі лідарамі групы і першае месца ўжо не ўпусцілі.

Выхад у дывізіён C забяспечылі сабе беларусы і грузіны. За яшчэ дзве пуцёўкі пазмагаюцца зборныя Косава і Азербайджана (іх паядынак адбудзецца ў аўторак), Македоніі і Арменіі (іх матчы — у панядзелак). Турнірныя табліцы ў групах гл. тут. Дывізіён С пакінулі Албанія, Эстонія, Славенія і Літва.

За пуцёўку на Еўра-2020 зборная Беларусі пазмагаецца з Грузіяй, з Македоніяй ці Арменіяй, з Косава альбо з Азербайджанам.

Футбольная зборная Беларусі выйшла ў плэй-оф Лігі нацый (відэа)
Фота: скрыншот "Прессбола" з трансляцыі "Беларусь 5"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі