Еўрасаюз афіцыйна замацаваў зняцце санкцый з Беларусі
![Еўрасаюз афіцыйна замацаваў зняцце санкцый з Беларусі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/1026169944flickr715.jpg.webp?itok=3AK4ED1_)
Еўрасаюз афіцыйна замацаваў зняцце санкцый з Беларусі. Паведамленне Савета Еўрапейскага саюза пра гэта з'явілася ў чацвер, 25 лютага. Адзначаецца, што Брусель адрэагаваў на вызваленне палітвязняў у Беларусі, на паляпшэнне адносінаў з нашай краінай і на тое, што прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка 2015-га прайшлі без гвалтоўных дзеянняў з боку ўладаў.
Савет ЕС пакінуў у дзеянні эмбарга на пастаўкі зброі і санкцыі ў дачыненні чатырох асобаў, якіх падазраюць у знікненні двух апазіцыянераў, бізнесмена і журналіста ў 1999-2000 гадах.
Як паведамляла Еўрарадыё, палітычнае рашэнне пра зняццё санкцый з 170 чалавек і 3 кампаній было прынятае 15 лютага. Яго пазітыўна ўспрынялі ў Мінску. Дакументы, прынятыя 25 лютага, будуць апублікаваныя ў Афіцыйным часопісе Еўрасаюза ў суботу, 27 лютага.