Вы тут

Экс-палітвязня аштрафавалі за адмову хадзіць на прафілактычныя лекцыі

Зміцер Паліенка. Фота з архіву Еўрарадыё

Экс-палітвязня Змітра Паліенку аштрафавалі на 980 рублёў (40 базавых велічыняў). Такое рашэнне вынесла 14 снежня суддзя Заводскага раёна Мінска Настасся Асіпчык. Хлопца прызналі вінаватым у непадпарадкаванні законнаму патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Нагодай стала тое, што Паліенка адмовіўся хадзіць на прафілактычныя лекцыі ў міліцыю. Гэтыя лекцыі міліцыянты яму прызначылі амаль на кожны дзень. 

Першае паседжанне па гэтай адміністрацыйнай справе было прызначанае на 6 снежня, але суд адправіў справу на дапрацоўку. Другі раз пасяджэнне прызначылі на 13 снежня. Паліенка з'явіўся, але суд так і не адбыўся. Актывісту выдалі позву на наступны дзень, але на гэты раз ён адмовіўся ісці ў пастарунак. Таму зранку 14 снежня да яго дадому з'явіліся супрацоўнікі ў цывільным і адвезлі яго ў суд.

Агулам на Паліенку склалі тры адміністрацыйныя пратаколы за адмову хадзіць на прафілактычныя лекцыі ў міліцыю. Яшчэ адно судовае паседжанне прызначанае на 19 снежня.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 14.12