Вы тут

Экс-паслу Бабічу знайшлі новую працу ў Расіі

Reuters

Былы пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, якога беларускае МЗС называла "бухгалтарам, якіпадае надзеі", знайшоў сабе новую працу. Кіраўнік урада Расіі Дзмітрый Мядзведзеў прызначыў яго намеснікам міністра эканамічнага развіцця. Адпаведны дакумент аб прызначэнні апублікаваны 17 чэрвеня на сайце ўрада РФ.

Міхаіл Бабіч быў паслом Расіі ў Мінску з 24 чэрвеня 2018 года. Яго кандыдатура не выклікала захаплення ў беларускіх улад. Пасля некалькіх заяў аб памерах фінансавай падтрымкі, якую Расія аказвае Беларусі, беларускае МЗС ўступіла ў рэзкую завочную палеміку з Бабічам. Вынікам гэтага супрацьстаяння стала адкліканне Бабіча ў Маскву ў траўні 2019 года. Замест яго паслом Расіі ў Беларусі стаў Дзмітрый Мезенцаў.

Цікава, што менавіта непасрэдны начальнік Бабіча, кіраўнік МЭР РФ Максім Арэшкін заявіў на днях, што Беларусь і Расія ўзгаднілі інтэграцыйныя падыходы на 90%. На сённяшні дзень гэта самая вялікая з агучаных лічбаў. Раней у Расіі казалі толькі пра 70% ўзгодненых пытанняў з нагоды больш глыбокай інтэграцыі.