Дзейнасць Змітра Вайцюшкевіча прызналі “экстрэмісцкай”

Аб адмове ў правядзенні канцэрта спевака паведамляе сайт tuzin.fm: “Чарговая спроба зладзіць канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Мінску скончылася няўдала. Упраўленне ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама не выдала гастрольнае пасведчанне на выступ вядомага беларускага выканаўцы, які планаваўся на 22 ліпеня. Вайцюшкевіч збіраўся паказаць праграму на вершы Уладзіміра Маякоўскага з нагоды дня народзінаў паэта ў Доме Масквы. Папярэдняя згода з пляцоўкаю была дасягнутая”.

Прычынай адмовы ў выдачы гастрольнага пасведчання чыноўніца Віталіна Рудзікава назвала тое, што “дзейнасць дадзенага выканаўцы падпадае пад дзеянне пункта 5 главы 2 “Пастановы аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, зацверджанай Указам кіраўніка краіны № 257 ад 05.06.2013”. У 5-м пункце згаданага дакумента гаворыцца, што арганізацыя і правядзенне канцэртаў, "якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці; прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян; парушаюць іншыя акты заканадаўства, у тым ліку аб аўтарскім праве і сумежных правах”, немагчымыя.

У каментары Еўрарадыё Зміцер Вайцюшкевіч заявіў, што не ўяўляе, чым яго творчасць магла настолькі не дагадзіць чыноўнікам: “Хіба тое, што я спяваю “Жыве Беларусь!”, яны маглі экстрэмісцкім палічыць. Мне нават цяжка сабе ўявіць, як разважаюць гэтыя людзі. Больш я нічога не магу прыдумаць”.

Вайцюшкевіч не выключае, што падасць позву ў суд на адмову выдаваць яму гастрольнае пасведчанне. “Такая верагоднасць ёсць. Думаю, бліжэй да восені гэта зраблю. Увогуле не музыка такімі рэчамі павінен займацца. Мая справа песні пісаць, альбомы. Але трэба неяк размаўляць з гэтымі людзьмі. Верагодна, лепш у судзе”, — мяркуе спявак.

Чарговая забарона канцэрта Вайцюшкевіча тым больш дзіўная, што мінулай восенню з дапамогай Еўрарадыё спявак адыграў вялікі канцэрт у Палацы культуры імя Шарко. Тады ўдалося атрымаць экспертнае заключэнне пра творчасць Змітра ад Камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, якая, прааналізаваўшы ўсе яго тэксты, прыйшла да высновы, што Вайцюшкевіч “можа быць дазволены для распаўсюджвання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі