Зміцер Вайцюшкевіч “дазволены для распаўсюджвання на тэрыторыі РБ”

Правесці сольны канцэрт вядомага музыкі Змітра Вайцюшкевіча, які ў 2011 годзе трапіў пад негалосную забарону і, адпаведна, не меў магчымасці легальна выступаць у Беларусі, Еўрарадыё разам з кампаніяй “Рок-Салідарнасць” пачало спрабаваць яшчэ ў ліпені гэтага года. Каб не “падстаўляць” іншых арганізатараў, мы самі зарэгістравалі ІП, прайшлі ўсе неабходныя працэдуры ў падатковай, сабралі дакументы на атрыманне гастрольнага пасведчання і “забілі” вольны дзень у Палацы культуры МАЗ. Канцэрт мусіў прайсці 11 верасня.

У службе “Адно вакно Мінгарвыканкама, калі ўбачылі імя выканаўцы, адразу пацікавіліся, ці ведаем мы пра спрэчны статус Змітра. Пасля станоўчага адказу нам пажадалі поспехаў і выказалі меркаванне, што хутка ўсё зменіцца і ўсе артысты перастануць падзяляцца на “вашых” і “нашых”. Але ўжо праз тыдзень нам прыйшоў ліст, дзе было напісана:

“Паведамляем, што па інфармацыі, якую мы маем, у гэты дзень у ПК раней было запланаванае правядзенне іншых мерапрыемстваў. У адпаведнасці з Указам прэзідэнта РБ “Пра асобныя пытанні арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў” у выдачы гастрольнага пасведчання для правядзення сольнага канцэрта Змітра Вайцюшкевіча вам адмоўлена”.

Што праўда, ніякіх дамоваў з памяшканнем мы не падпісвалі. Паводле нашага заканадаўства, для правядзення канцэрта беларускіх выканаўцаў дастаткова вуснага пагаднення. Спробы разабрацца ў недарэчнай адмове (бо запланаваная дата ў ПК, як была вольнай, так у выніку і засталася) ні да чаго не прывялі. Намі папросту “гулялі ў футбол”, кожны раз перанакіроўвалі да іншых службоўцаў, якія зноў і зноў адмаўляліся ад адказнасці за дасланы ліст. Кіраўніцтва Упраўлення ідэалогіі то было ў адпачынку, то не мела магчымасці сустрэцца. Чыноўнікі ўжо пачалі пазнаваць і ў твар, і па голасе, і загадзя рыхтавалі варыянты адступлення.

Але рукі мы не склалі і вырашылі паспрабаваць яшчэ раз. Да таго ж надзеі на поспех падмацаваў хоць і кароткі, але легальны выступ Вайцюшкевіча на трыб’юце “Песняроў” 12 верасня у сталічным клубе Re:Public, арганізаваны з вялікімі цяжкасцямі і перашкодамі. Мы знайшлі вольную дату ў Палацы культуры імя Шарко (у адрозненні ад большасці іншых сталічных пляцовак тут з лёгкасцю пагадзіліся правесці мерапрыемства). Але цяпер адразу падпісалі дамову на арэнду памяшкання. Да заяўкі на атрыманне гастрольнага пасведчання прыклалі экспертнае заключэнне пра творчасць Змітра ад Камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, якая, прааналізаваўшы ўсе яго тэксты, прыйшла да высновы, што Вайцюшкевіч “можа быць дазволены для распаўсюджвання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Праз тыдзень мы забіралі “гастрольку”, а дзяўчаты ў службе “Адно вакно” віншавалі і радаваліся нібыта гэта ім дазволілі выступ.

Заключэнне камісіі

Запаветная гастролька

“Я хацеў бы прысвяціць сённяшні канцэрт двум сваім сябрам: Генадзю Бураўкіну і Рыгору Барадуліну, якіх не стала сёлета, — са слязамі на вачах, глытаючы камяк у горле, пачынае першы сольны канцэрт пасля амаль чатырохгадовай паўзы Зміцер Вайцюшкевіч. — Але іх песні жывуць, іх вершы жывуць! Зусім нядаўна, у красавіку, Генадзь Мікалаевіч мне казаў: “Вось паглядзіш, усё будзе добра, абавязкова адпусцяць!” Дык дзякуй усім тым людзям, якія ўсё ж адпусцілі”.

У ПК імя Шарко аншлаг, апошні квіток з больш чым пяцісот набылі за некалькі гадзін да канцэрта, і гэта амаль без рэкламы. Зміцер некалькі разоў прызнаецца, што апошнія тыдні штодзень заходзіў на сайт распаўсюджвальнікаў і з радасцю сачыў за тым, як знікаюць вольныя месцы.

Увогуле, Вайцюшкевіч моцна змяніўся за гады дробных напаўзакрытых канцэртаў-кватэрнікаў. Ён шмат жартуе, размаўляе з публікай, распавядае гісторыі, якія ўсплываюць у галаве пад тую ці іншую песню. Часам нават прымушае музыкаў WZ-orkiestra спыняць акампанемент, каб больш дакладна данесці сваю думку. Зміцер нібы навучыўся знаходзіць і кранаць за неабходныя душэўныя нітачкі публікі, якая вельмі жвава рэагуе на кожную яго рэпліку то смехам, то ўсхліпам.

“У мяне было практычна чатыры гады, каб падумаць на тым, што я раблю, як я раблю, як сябе паводжу на сцэне, ці маю нейкую сваю філасофію, увогуле, якое маё месца пад гэтым сонцам, — разважае Зміцер Вайцюшкевіч адразу пасля выступу. — Я задаволены вынікам. Не было ніводнага музычнага троля. Шмат дзяцей, шмат дарослых, шмат маладых людзей… І, шчыра кажучы, мая ідэя — праводзіць такога кшталту канцэрты практычна раз на месяц, тэатралізаваць гэтыя канцэрты… Але, дай Божа, дажыць да гэтага, дай Божа, прайсці чарговы этап дазволаў”.

Другое аддзяленне канцэрта складаецца з абсалютна розных песень розных альбомаў. У тым ліку, і некалькі прэм’ер з новай праграмы, якую рыхтуюць музыкі.

“Гэта праграма на музыку і вершы Яраміра Нагавіцы — вельмі вядомага чэшскага выканаўцы, якога ведаюць і ў Славакіі, і ў Польшчы, і ў бардаўскіх колах Расіі, — распавядае Зміцер. — Мая задача — пабудаваць такі культурны мост паміж Чэхіяй і Беларуссю. Каб Нагавіца ведаў, што ёсць такая краіна і, спадзяюся, каб ведаў, што мы таленавіта і ашчадна паставіліся да яго матэрыялу. Думаю, вясной выйдуць 12 песень у перакладзе Андрэя Хадановіча і Віталя Воранава”.

Вясной жа выйдзе і альбом “Наша песня”, дзе будуць трэкі, ужо добра вядомыя ў выкананні Змітра, а таксама песні Юрыя Семянякі, Адама Русака, Міхася Чарняўскага“То бок гэта спроба аб’яднаць “чэсных” і “нячэсных”, каб беларусы памяталі, што мы адзін народ, нягледзячы на розніцу поглядаў”, — рэзюмуе выканаўца.

Натуральна, публіка не жадае адпускаць музыкаў. На біс Вайцюшкевіч выконвае “Каханку” з апошняга альбома “Варанок”. Падчас песні спявак прапануе ўсім закаханым у зале цалавацца і нават адмыслова, каб гэта было бачна, просіць уключыць святло. Завяршае канцэрт своеасаблівы гімн хутара "Вайцюшкі".

“На правах рэкламы”, — жартуе Зміцер і запрашае ўсіх прысутных да сябе ў госці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі