Вы тут

Дзень Волі ў Мінску будзе святкавацца 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы

Афіцыйны лагатып сёлетняга Дня Волі аўтарства Уладзіміра Цэслера.

Дзень Волі ў Мінску будзе святкавацца ў нядзелю, 24 сакавіка, у Кіеўскім скверы. Пра гэта было заяўлена ў аўторак на прэс-канферэнцыі лідараў Руху "За Свабоду" (старшыня — Юрый Губарэвіч), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (старшыня — Ігар Барысаў), аргкамітэта па стварэнні партыі БХД (сустаршыня — Віталь Рымашэўскі), Аб'яднанай грамадзянскай партыі (выконваючы абавязкі старшыні — Мікалай Казлоў).

"Мерапрыемства будзе ў Менску. Будзе ў легальным фармаце... Будзе цікава. Будзе святочна", — сказаў Губарэвіч. Паводле яго слоў, на мінулым тыдні гарадскім уладам было пададзенае апавяшчэнне аб правядзенні акцыі на дазволеным для такіх мэтаў месцы — на пляцоўку ў Кіеўскім скверы. Збор запланаваны на 12:00, пачатак — у 13:00. Арганізатары абяцаюць канцэрт беларускіх гуртоў. Увечары 19 сакавіка адбудзецца сустрэча ў Мінгарвыканкаме, і стане вядома, ці не зажадаюць чыноўнікі змяніць фармат святкавання.

На правядзенне мерапрыемства спатрэбіцца каля 5 тысяч долараў, кажа Юрый Губарэвіч. Паводле яго слоў, было сабрана нават больш.

Як вядома, мінскія ўлады не дазволілі правядзенне святочнага канцэрту да 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР каля Палаца спорту ці Опернага тэатра (раней было адмоўлена ў правядзенні на стадыёне "Дынама"). Сярод заяўнікаў былі Павел Белавус і Эдуард Пальчыс. Відаць, на рашэнне сталічных уладаў паўплывала пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што сёлета святкаванне Дня Волі магчымае толькі на плошчы Бангалор. У такой сітуацыі Пальчыс прапанаваў ехаць на святкаванне ў Гродна, дзе ўлады дазволілі правесці 23 сакавіка святочны мітынг і канцэрт, прымеркаваны да Дня Волі (пачатак — а 13-й гадзіне ў Каложскім парку). Апазіцыйныя лідары на прэс-канферэнцыі жартавалі з такой прапановы ("Адпраўляюць далей, чым Бангалор").

У Кіеўскім скверы праводзіць свае дазволеныя ўладамі мітынгі КХП-БНФ. Фота: nn.by