Вы тут

"Дата генератор": 16 жніўня 1945 года — беларускія землі ў складзе Польшчы

Савецка-Польская дамова

Для таго каб зразумець прычыны і сэнс гэтай падзеі, трэба кінуць погляд у больш далёкае мінулае.

Як мы ведаем з падручнікаў, у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Беласток з усёй вобласцю ўвайшоў у склад Прусіі. Пасля гэтага ён яшчэ некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі.

Імператар усіх французаў Напалеон Банапарт, разграміўшы Прусію, у 1807 годзе на сустрэчы ў Тыльзіце з Аляксандрам I падарыў рускаму цару Беласток і прылеглую да яго тэрыторыю. На працягу 108 гадоў Беласточчына з'яўлялася часткай Паўночна-Заходняга краю Расійскай Імперыі, але летам 1915 года ўсю Заходнюю Беларусь акупавалі нямецкія войскі.

У сакавіку 1921-га па Рыжскай мірнай дамове Беластоцкая вобласць на 18 гадоў стала ваяводствам у складзе Другой Рэчы Паспалітай, Польскай Рэспублікі.

15 верасня 1939 года Беласток акупавалі войскі вермахта, аднак праз тыдзень, згодна з сакрэтным пратаколам да пакта Молатава-Рыбентропа (пра які мы будзем гаварыць 23 жніўня), горад разам з вобласцю перадалі СССР. У лістападзе 1939-га Беласток афіцыйна ўвайшоў у склад БССР.

23 чэрвеня 1941 года Беласток зноў занялі нямецкія войскі. А 27 ліпеня 1944-га сюды прыйшлі войскі 2-га Беларускага фронту.

Аднак у той жа дзень Сталін перадаў марыянеткавым уладам "народнай" Польшчы 17 раёнаў Беластоцкай вобласці (6 засталіся ў БССР) і 3 раёны Брэсцкай вобласці. Праўда, гэта падзея засталася ў той момант невядомай шырокай публіцы.

Чаму ён так зрабіў? А вось чаму. Як вядома, на ўсёй акупаванай немцамі тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай (у тым ліку ў Заходняй Беларусі) узброеную барацьбу супраць акупантаў вялі атрады польскіх патрыётаў — Арміі Краёвай, Сялянскіх батальёнаў ("Батальёны Хлопске") і іншых нелегальных арганізацый. Усе яны падпарадкоўваліся эмігранцкаму ўраду ў Лондане і не сумняваліся, што пасля перамогі над Германіяй адбудзецца адраджэнне Другой Рэчы Паспалітай. Яны таксама верылі, што над Вільняй, Гроднам, Брэстам і Львовам зноў будуць лунаць польскія сцягі.

Але Сталін жадаў стварыць іншую Польшчу — Камуністычную.

І вось у красавіку 1943 года ў Маскве па яго загадзе чыноўнікі ЦК Усесаюзнай кампартыі і супрацоўнікі НКУС стварылі Саюз польскіх патрыётаў (СПП). У яго тэрмінова сабралі ацалелых ад тэрору 1937–1938 гадоў сябраў польскай кампартыі, а таксама розных прайдзісветаў польскай нацыянальнасці. Саюз узначаліла 38-гадовая польская пісьменніца Ванда Васілеўская, жонка савецкага драматурга Аляксея Карнейчука, якая жыла ў Маскве.

У праграме Саюза было сказана, што яго мэта — узброеная барацьба супраць Германіі (узброеныя сілы, падпарадкаваныя законнаму лонданскаму ўраду, там не згадваліся), і што Саюз просіць урад СССР дазволіць стварэнне польскіх войскаў на тэрыторыі СССР. Ужо ў траўні пачалося фармаванне 1-й польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі. Касцюшка ў свой час змагаўся менавіта супраць расійскіх уладаў, аднак Сталіна гэта не хвалявала, ён ведаў, што трэба кінуць палякам, прыніжаным разгромам 39-га года, некалькі "костак". З кастрычніка дывізія пачала ваяваць. А ў траўні 1945-га Народнае войска польскае налічвала ўжо 400 тысяч салдат і афіцэраў!

Дык вось, у пачатку ліпеня 1944-га дзеячы Саюза польскіх патрыётаў і Краёвай Рады Народавай (яшчэ адной арганізацыі сталінскіх марыянетак) стварылі ў Маскве Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення (ПКНВ). Яго ўзначаліў 35-гадовы дзеяч Польскай сацыялістычнай партыі Эдвард Асубка-Мараўскі.

Менавіта ПКНВ 27 ліпеня падпісаў у Маскве сакрэтнае пагадненне аб польска-савецкай мяжы. Паводле пагаднення яна прайшла па так званай лініі Керзона, якую гэты лорд, міністр замежных спраў Вялікабрытаніі, прапаноўваў яшчэ ў 1919 годзе, падчас савецка-польскай вайны. Пасля падпісання пагаднення Сталін дазволіў сваім марыянеткам пераехаць на тэрыторыю Польшчы (спачатку ў Хэлм, потым у Люблін) і абвясціць сябе ўрадам — замест эмігранцкага "буржуазнага, памешчыцкага, клерыкальнага" ўрада. У канцы снежня 1944-га ў Любліне ПКНВ абвясціў сябе Часовым урадам "новай" Польшчы — нібыта "народнай".

Але фармальна ўсе раёны, адабраныя ў Беларусі, да 16 жніўня 1945 года працягвалі лічыцца ў складзе БССР, калі было падпісана афіцыйнае пагадненне аб савецка-польскай мяжы паміж урадамі дзвюх краін. Па факце гэта была яшчэ адна "костка", кінутая з панскага стала "галодным сабакам" — сталінскім марыянеткам!

Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя пагаднення прайшлі без удзелу прадстаўнікоў БССР і без абмеркавання ў найвышэйшых органах дзяржаўнай улады Беларусі. Гэта не дзіўна, бо дамова парушала палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 года і Канстытуцыі БССР 1937 года, якія патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змяненне яе межаў.

З пункту ж гледжання міжнароднага права дамова станавіла сабой чарговы падзел тэрыторыі Беларусі. Зразумела, палякі ўзрадаваліся такому падарунку і зноў стварылі Беластоцкае ваяводства.

А магло быць і яшчэ горш, бо ў 1946 годзе Сталін хацеў далучыць Полацкую вобласць БССР да Калінінскай вобласці РСФСР! Увогуле, Сталін і яго саўдзельнікі плявалі на беларускі народ і яго інтарэсы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.