Вы тут

"Дата генератар": 15 снежня 1862 года — наша першая чыгунка

.

Тут трэба вылучыць тры даты: 15 снежня 1862-га, 16 лістапада 1871-га, 16 верасня 1873-га.

Першай лініяй чыгункі, пракладзенай на беларускай зямлі, стаў участак Парэчча — Гародня даўжынёй 30 вёрстаў (32 км), здадзены 15 (27) снежня 1862 г. А ён, у сваю чаргу, быў часткай магістралі Пецярбург — Варшава. Вакзал у Парэччы — самы стары ў Беларусі! Яму цяпер 158 гадоў.

Гэта магістраль стала другой чыгункай у Расійскай Імперыі пасля лініі Пецярбург — Масква. Імператар Мікалай I яшчэ ў студзені 1852 года загадаў пачаць падрыхтоўку да яе будаўніцтва. Яго сын, імператар Аляксандр II, праз пяць гадоў, у студзені 1857-га, зацвердзіў каштарыс выдаткаў у суме 85 млн рублёў срэбрам і даручыў прыцягнуць да будаўніцтва лініі французскіх інжынераў. Будавалі дарогу адразу на многіх участках, адным з якіх стаў участак Парэчча — Гародня.

Па даведніку 1887 года адлегласць ад Санкт-Пецярбурга да Парэчча была 775 вёрстаў, да Варшавы — 270 вёрстаў. На станцыі Парэчча пабудавалі склады, рамонтнае дэпо, паваротны круг, дамы для персаналу. У 1890-я гады праз Парэчча кожны дзень праходзілі ад 12 да 14 таварных і пасажырскіх цягнікоў. 

Станцыя мела клуб з бібліятэкай для чыгуначнікаў і іх сямейнікаў, у клубе працавалі гурты мастацкай самадзейнасці, быў свой аркестр.

На прывакзальнай плошчы ў выхадныя і святочныя дні працаваў рынак для жыхароў навакольных мястэчак і вёсак. Была тут і стаянка конных экіпажаў, каб вазіць пасажыраў у Друскенікі, да якіх 17 вёрстаў (18 км). У Парэччы з’явіўся лесапільны завод, ён рабіў шпалы на экспарт.

У 1869 годзе пачалося будаўніцтва лініі Масква — Брэст (праз Смаленск, Оршу, Барысаў, Мінск, Баранавічы). 16 лістапада 1871 года была адкрыта станцыя ў Мінску з драўляным вакзалам. Ён знаходзіўся ў раёне скрыжавання сучасных вуліц Суражскай і Маскоўскай, побач прыпынка “Інстытут культуры”.

У 1871-м пачалося будаўніцтва трэцяй чыгункі, Лібава-Роменскай, каб спалучыць порт Лібава (цяпер Ліепая) з Ромнамі ва Украіне. Яна прызначалася для вывазу хлеба. 16 верасня 1873 года ў Мінску адкрылі драўляны Віленскі вакзал і гэтай лініі (у 1891-м драўляны будынак замянілі камяніцай).

Навошта я ўсё гэта расказваю. А вось навошта. Знакаміты пісьменнік Антон Чэхаў у лісце да выдаўца Аляксея Суворына ад 27 сакавіка 1894 года напісаў, што “ў электрычнасці і пары больш любові да чалавецтва, чым у вегетарыянстве і непраціўленні злу паводле вучэння Талстога”.

І гэта сапраўды так. Досыць сказаць, што ў канцы XIX стагоддзя 97% усіх работ на Зямлі выконваліся за кошт сілы мускулаў людзей і жывёл. А сёння зусім немагчыма ўявіць наша жыццё без электрычнасці.

З канца ХХ стагоддзя ўвесь свет перажывае новую вялікую рэвалюцыю, назва якой — лічбавізацыя (камп’ютары + інтэрнэт). Мы яшчэ не ў стане ўявіць яе наступствы. Але ўжо зразумела, што жыццё людзей у сэнсе зручнасці будзе падобнае да казкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.