Дзяржаўныя ўстановы праігнаравалі смерць трэнера Мікалая Казекі
Мікалай Казека / НОК
Дзяржаўныя спартовыя ўстановы праігнаравалі смерць трэнера Мікалая Казекі.
Смерць чалавека, які прынёс беларускаму фрыстайлу сусветную славу, не заўважылі ні ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, ні ў Міністэрстве спорту, ні нават у Беларускай федэрацыі фрыстайла, канстатуе выданне "Позірк".
Створаная Мікалаем Казекам школа фрыстайла лічылася адной з найлепшых у свеце. Яго гадаванцы прынеслі Беларусі восем алімпійскіх медалёў. Аднак навіна пра яго сыход з жыцця 10 жніўня не з'явілася ні ў адным з буйных дзяржаўных СМІ.
Імаверна, гэта помста за пазіцыю, якую трэнер заняў у 2020 годзе. Тады ён выказаўся супраць гвалту з боку сілавікоў і за правядзенне новых выбараў. За гэта яго вельмі хутка адхілілі ад працы. А цяпер нават яго смерць вырашылі "не заўважаць".