Вы тут

"Дата генератар": 11 лютага 1807 года — нарадзіўся Напалеон Орда

.

Напалеон Орда нарадзіўся ў маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) у сям’і маршалка шляхты Кобрынскага павета Міхаіла Орды. Яго маці Юзэфа была дачкой старасты Пінскага павета Тадэвуша Бутрымовіча. Сучаснікі ведалі яе як таленавітую піяністку. 

Орды паходзілі з татараў хана Тахтамыша, якія пасяліліся ў ВКЛ яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта. Бацька памёр, калі хлопчыку было два гады. Імя сыну ён даў у гонар Напалеона Банапарта, які пабіў расійцаў пад Аўстэрліцам у снежні 1805 года. 

 

Пачатковую і музычную адукацыю хлопчык атрымаў ад маці, потым з 12 да 16 гадоў вучыўся ў гімназіі ў Свіслачы. У 1823-м (у 16 гадоў) паступіў у Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт. Аднак за ўдзел у таемным студэнцкім гуртку “Заране” ў 1826 годзе быў выключаны, а на пачатку 1827-га арыштаваны разам з Адамам Міцкевічам, Ігнатам Дамейкам і Янам Чачотам. Пасля 15 месяцаў у Віленскай турме ў 1829 годзе вярнуўся ў Варацэвічы.

У 1831-м (у 23 гады) прыняў удзел у паўстанні польскай і ліцвінскай шляхты супраць рускага цара. Атрымаў чын капітана, быў узнагароджаны залатым крыжом Virtuti Militari.

ххх

За ўдзел у паўстанні яго абвясцілі “мяцежнікам 2-га разраду” і пагражалі выслаць у Сібір. Але Напалеон уцёк і пад чужым імем праз Аўстрыю, Італію і Швейцарыю прыехаў у Францыю. З верасня 1833 года ён стала жыў у Парыжы. Тут дзякуючы сяброўству з Адамам Міцкевічам і Фрэдэрыкам Шапенам сустракаўся з такімі вялікімі дзеячамі культуры, як Ферэнц Ліст, Джаакіна Расіні, Джузэпэ Вердзі, Шарль Гуно, Гектар Берліёз, Анарэ дэ Бальзак, Анры Стэндаль, Паліна Віярдо, Іван Тургенеў. Пад іх уплывам сур’ёзна заняўся музыкай і жывапісам.

Урокі фартэпіяна і кампазіцыі яму давалі Шапен і Ліст, таксама ён наведваў студыю майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара. Разам з Шапэнам Орда іграў на вечарынах у Плятэраў і Чартарыйскіх. Акампанаваў на фартэпіяна паэтычным выступам Міцкевіча. Падарожнічаў па Францыі, Аўстрыі, Іспаніі, Партугаліі, Алжыры, Бельгіі, Галандыі, Шатландыі і ўсюды маляваў пейзажы.

У 1843 годзе ён ажаніўся з францужанкай Ірэнай Багле.

У 1847-м заняў пасаду дырэктара Італьянскай оперы ў Парыжы, але падчас рэвалюцыі 1848 года яе закрылі.

Калі імператар Аляксандр II у 1856 годзе абвясціў амністыю ўдзельнікам паўстання 1830–1831 гг., Н. Орда вярнуўся на радзіму — пасля 25 гадоў эміграцыі, — а жонку і сына пакінуў у Парыжы. Аднак пасля смерці маці ў 1859 годзе маёнтак канфіскавалі, і яму давялося арандаваць родны дом! У 1867-м Н. Орда перабраўся да сваёй сястры Гартэнзіі (па мужу Скірмунт) у маёнтак Моладава Кобрынскага павета. У 1873 годзе ён ад’ехаў на Валынь, дзе працаваў настаўнікам музыкі ў маёнтку генерала Адама Ржавускага, таксама ўдзельніка паўстання 1831 года.

Памёр у Варшаве, але пахаваны ў сямейным склепе ў Іванаве (Янаве).

ххх

Як кампазітар ён напісаў больш за 20 паланэзаў, мазурак, вальсаў, полек. Складаў рамансы і песні на словы тутэйшых паэтаў. Выдаў у 1873 годзе “Граматыку музыкі”, якой С. Манюшка даў вельмі высокую ацэнку. Больш за 40 гадоў яна лічылася найлепшым дапаможнікам па тэорыі музыкі на землях былой Рэчы Паспалітай.

Як мастак Н. Орда ёсць аўтарам 1150 архітэктурных пейзажаў тых краін, дзе ён падарожнічаў. Гэтыя творы маюць вялікую каштоўнасць для гісторыкаў і рэстаўратараў, бо шмат якія будынкі даўно зніклі ці выглядаюць зусім не так, як у XIX ст.

Сярод іх 308 замалёвак старой Беларусі. Орда расклаў іх у тэчках па губернях: з Гродзенскай 144, з Мінскай 64, з Віленскай 50, з Віцебскай 35, з Магілёўскай 15. Сярод іх палацы і замкі, касцёлы і цэрквы, манастыры і гімназіі, а таксама шляхецкія сядзібы, што былі калыскай вядомых дзеячаў беларускай культуры.

Сваё творчае і жыццёвае крэда Орда сфармуляваў так: “Хто хоць жменяй зямлю кожны дзень носіць, той за жыццё насыпле гару”.

ххх

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, мастацкая школа ў Пінску. У 1997 годзе ў горадзе Іванава (былым Янаве) усталявалі помнік Напалеону Орду працы скульптара Голубева. Гэта адзіны помнік яму ў Еўропе.

У вёсцы Варацэвічы працуе мастацкая галерэя Орды (адкрыта ў 2007-м) і дом-музей (адкрыты ў 2016-м).

Я ў сваёй серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры” ў 2013 годзе выдаў кніжку Вітаўта Чаропкі “Напалеон Орда: Беларускі мастак і музыка”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.