Дакументальны фільм "Навальны" намінаваны на атрыманне прэміі "Оскар"

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбудзецца ў Лос-Анджэлесе 12 сакавіка / Reuters

Дакументальны фільм "Навальны" намінаваны на атрыманне прэміі "Оскар" гэтага года, піша "Бі-Бі-Сі". Яго зняў канадскі рэжысёр Дэніэл Роэр. Фільм прысвечаны абставінам атручвання расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні ў Расіі (упершыню яго паказалі ў красавіку 2022-га ў эфіры CNN).

У намінацыі "Найлепшы дакументальны фільм" за "Оскар" пазмагаюцца наступныя фільмы: "Усё, што дыхае" Шаўнака Сена, "Усё прыгажосць і кровапраліцце" Лоры Пойтрас, "Агонь кахання" Сары Доса і "Дом з трэсак" Саймана Лерэнга Уілманта (апошні расказвае пра прытулак для ўкраінскіх дзяцей).

На перамогу ў самай прэстыжнай катэгорыі — за найлепшы кінафільм — прэтэндуюць: "На Заходнім фронце без пераменаў", "Аватар: шлях вады", "Баншы Інішэрына", "Элвіс", "Усё ўсюды і адразу", "Фабельманы", "Тар", "Топ Ган: Мэверык", "Трохкутнік смутку" і "Кажуць жанчыны".

На найлепшую мужчынскую ролю намінаваныя: Осцін Батлер ("Элвіс"), Колін Фарэл ("Баншы Інішэрына"), Брэндан Фрэйзер ("Кіт"), Пол Мескал ("Сонца маё") і Біл Наі ("Жыць"). У спісе намінаваных на найлепшую жаночую ролю Кейт Бланшэт ("Тар"), Ана дэ Армас ("Бландзінка"), Андрэа Райзбара ("Дзеля Лэслі"), Мішэль Уільямс ("Фабельманы") і Мішэль Йеа ("Усё ўсюды і адразу"). На найлепшага рэжысёра намінаваныя Марцін Макдонах ("Баншы Інішэрына"), Дэн Кван і Дэніэл Шайнэрт ("Усё ўсюды і адразу"), Сцівен Спілберг ("Фабельманы"), Тод Філд ("Тар") і Рубен Эстлунд ("Трохкутнік смутку").

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбудзецца ў Лос-Анджэлесе 12 сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.