Вы тут

Ціхая гавань: куды сыходзяць беларускія чыноўнікі-пенсіянеры

pexels.by

Беларускія палітычныя цяжкавагавікі нават на пенсіі не могуць пакінуць дзяржаўныя справы. Пасля адставак з высокіх пасад яны сыходзяць — але не далёка і не назаўсёды. Іх новыя пасады ў інтэграцыйных структурах, міжнародных кампаніях, банках з расійскім капіталам і іншых бізнесах можна назваць ціхай гаванню, а можна ганаровай пенсіяй. Але свой уплыў яны нярэдка захоўваюць і прымнажаюць.

Еўрарадыё паглядзела, куды ўладкаваліся пасля адстаўкі топавыя беларускія чыноўнікі-пенсіянеры.

Сяргей Сідорскі

Сяргей Сідорскі ўзначальваў беларускі ўрад з 2003 да 2010 года. Пасля выбараў 2010 года ён пакінуў пасаду кіраўніка ўрада. Але доўга свабодным не хадзіў.

У канцы 2011 года была створана Еўразійская эканамічная камісія — наднацыянальны орган рэгулявання ЕАЭС. Там ад снежня 2011 года да ліпеня 2018-га Сідорскі быў міністрам па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе. Пакінуў гэты пост па ўласным жаданні.

Улетку 2018 года тэлеграм-канал "Нязыгар", які раптам стаў актыўна цікавіцца беларускай палітыкай, называў Сідорскага адным з магчымых пераемнікаў Лукашэнкі. Маўляў, за гэтую прывідную пагрозу былы прэм'ер і быў зняты з пасады.

Пасля адстаўкі Сідорскі на час знік з радараў. У сакавіку 2019 года яго знайшлі сярод супрацоўнікаў Еўразійскага банка развіцця. Паводле інфармацыі TUT.by, ён працуе дарадцам у маскоўскім офісе банка.

Надзея Каткавец

Надзея Каткавец з 2004 да 2012 года працавала першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, потым была прызначаная намеснікам кіраўніка спраў прэзідэнта. На гэтай пасадзе яна любіла паразважаць пра моду ў "хаацічэскім" стылі.

У снежні 2017-га Каткавец уладкавалася ў Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю (БНБК), якую курыруе Мінсельгасхарч. Прадпрыемства займаецца распрацоўкай і вытворчасцю камбікорму і амінакіслот для жывёлагадоўлі.

На рэалізацыю першага этапу праекта БНБК у 2018 годзе быў атрыманы крэдыт у 1,75 мільярда юаняў (каля $250 млн) ад КНР. У 2018 годзе сярэдні заробак у карпарацыі складаў амаль 26 тысяч долараў.

Паводле інфармацыі naviny.by, дырэктарам БНБК з'яўляецца былы прэм'ер-міністр Кыргызстана Даніяр Усенаў. Як сцвярджаюць у Кыргызстане, у Беларусі ён атрымаў пашпарт на імя Данііла Урыцкага. Чалавек менавіта з такім імем узначальвае карпарацыю.

Мар'яна Шчоткіна

Мар'яна Шчоткіна запомніцца беларусам як адна з ініцыятараў павышэння пенсійнага ўзросту і драйвераў "закона аб дармаедах". Яе імем назвалі сцяну, на якой у 2017 годзе перыядычна з'яўляліся вострасацыяльныя графіці.

C 2009 да 2016 года Шчоткіна займала пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны. З 2016 да 2019 года была намеснікам старшыні Савета Рэспублікі. А ў 2019-м узначаліла прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску.

Міхаіл Мясніковіч

Міхаіл Мясніковіч — ветэран дзяржаўнай службы. Ён паспеў пабываць сакратаром гаркама КПБ у Мінску, міністрам ЖКГ у БССР, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта (з 1995 да 2001 гг.), прэзідэнтам Акадэміі навук, прэм'ер-міністрам (з 2010 да 2014 гг.) і старшынёй Савета Рэспублікі (з 2015 да 2019 гг.). На "прэм'ерскія" гады Мясніковіча прыйшоўся фінансавы крызіс, трохкратная дэвальвацыя і "маўклівыя пратэсты".

20 снежня 2019 года стала вядома, што Міхаіл Мясніковіч узгоднены на пасаду старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Анатоль Куляшоў

Анатоль Куляшоў узначальваў МУС з 2009 да 2012 года, а да гэтага пяць гадоў быў начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама. На пасадзе міністра ён непасрэдна кіраваў разгонам "Плошчы-2010" і "маўклівых акцый" у 2011 годзе. Пасля сыходу ў адстаўку быў накіраваны на працу ў выканкам СНД.

Цяпер Анатоль Куляшоў працуе ў Дэпартаменце па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам выканаўчага камітэта СНД.

Пётр Пракаповіч

Пётр Пракаповіч узначальваў Нацбанк з 1998 да 2011 года. У разгар эканамічнага крызісу 2011 (пасля заявы пра тое, што дэвальвацыі не будзе) ён на фоне пагаршэння здароўя і "маўклівых пратэстаў" пайшоў у адстаўку па стане здароўя. І ў тым жа годзе афіцыйна адправіўся на пенсію.

Але дома Пятру Пятровічу не сядзіцца. Ужо летам 2012 года яго прызначаюць памочнікам прэзідэнта. У 2013-м здымаюць з гэтай пасады і ставяць намеснікам прэм'ер-міністра. У снежні 2014 года (неспакойны час трохступеньчатай ​​навагодняй дэвальвацыі) вызваляюць і ад гэтай пасады. А ў красавіку 2015-га Пракаповіч становіцца старшынёй назіральнага савета БПС-Ашчадбанка. Там 77-гадовы ветэран дзяржслужбы лічыцца да гэтага часу.

Спіс можна працягваць і працягваць. Былы міністр МУС Уладзімір Навумаў, які ў 2001 годзе вазіў журналістаў пад Бягомль на пошукі зніклых палітыкаў, а ў 2006 годзе ліквідаваў палатачны гарадок на Кастрычніцкай плошчы, пасля адстаўкі працаваў у карпарацыі "Растэхналогіі" ў Маскве. Уладзімір Ярмошын, які з 1995 да 2000 года кіраваў Мінгарвыканкамам, а з 2000 да 2001 года ўзначальваў урад Беларусі, пасля адстаўкі працаваў у расійскай інвестыцыйнай кампаніі "Рубін" і на прадпрыемстве "Знешэканомбуд". А былы кіраўнік КДБ Леанід Ерын, які кіраваў ведамствам з 2000 да 2004 года, пасля адстаўкі ўладкаваўся на "Расійскія чыгункі".