Ці ёсць сумленне ў беларусаў, якія руйнуюць магілы салдат Арміі Краёвай?

У Беларусі бесперашкодна нішчаць пахаванні жаўнераў польскай Арміі Краёвай (АК). І гэта нягледзячы на тое, што ў 1996 годзе паміж польскім і беларускім урадамі была падпісана дамова “Аб ахове месцаў памяці і пахаванняў ахвяр войн і рэпрэсій”. У Польшчы такое руйнаванне называюць “варварскім актам дзяржаўнага вандалізму”

Чаму ж магілы, якія нават пры камуністах нікому не заміналі, раптам сталі аб’ектам нянавісці?

— Зразумела, што агрэсія супраць памятных месцаў, звязаных з Арміяй Краёвай, выклікана тым, што ў Польшчы прыбіраюць помнікі савецкім жаўнерам, — расказвае ў блогу “Гісторыя Побач” гісторык Ігар Мельнікаў. — Але там не прыбіраюць пахаванні і помнікі з пахаванняў. Прыбіраюць адзінкавыя помнікі, якія стаяць у месцах, дзе, напэўна, не пахаваныя савецкія жаўнеры.

Да гэтага можна ставіцца па-рознаму. Польшча сама мае права вырашаць лёс чужых помнікаў на сваёй тэрыторыі. Яна не мае права знішчаць могілкі — але гэтага яна і не робіць. І гэта вельмі важна ведаць у сённяшнім, асабліва цяжкім палітычным кантэксце, калі жаўнерскія пахаванні выкарыстоўваюцца ў вельмі брудных палітычных спрэчках.

На жаль, часам здараюцца акты вандалізму [датычна мемарыялаў савецкіх салдат у Польшчы. — Еўрарадыё]. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Ні ў якім разе яны не носяць нейкага дзяржаўнага характару. Бо Польшча нясе адказнасць за стан замежных вайсковых пахаванняў на сваёй тэрыторыі.

Гісторык Ігар Мельнікаў каля мемарыяла савецкім салдатам у Вроцлаве, ліпень 2022 года / Еўрарадыё

У 1945 годзе частка “краёўцаў” успрыняла ў штыкі навіну аб роспуску Арміі Краёвай і перайшла ў антысавецкае падполле. Цяпер беларуская дзяржпрапаганда згадвае салдат АК выключна як “карнікаў”. Праводзяцца нават тэматычныя планёркі, на якіх ідэолагі распальваюць варожасць і спрабуюць пераканаць беларусаў у тым, што змагары за незалежнасць Польшчы пагалоўна былі злачынцамі. Пры гэтым прапагандысты ўмела забываюць пра тое, што Савецкая армія і Армія Краёва неаднаразова ўдзельнічалі ў сумесных ваенных аперацыях.

Байцы 27-й Валынскай пяхотнай дывізіі Арміі Краёвай / wikimedia.org

— Прымушаць палякаў любіць гэта [помнікі савецкім салдатам. — Еўрарадыё] мы не маем права, — працягвае гісторык. — Мы не павінны ўмешвацца ў жыццё нашых суседзяў. Маё асабістае меркаванне — знішчаць помнікі ні ў адной краіне не варта. Глупства робяць тыя, хто знішчае помнік Жукаву і іншыя савецкія помнікі. Але гэта справа іншых краін.

Але ў Польшчы на могілках савецкіх жаўнераў помнікі стаяць. Стаяць нават чырвоныя зоркі. І так будзе, бо гэта еўрапейскі народ. Бо гэты народ шануе сваю гістарычную памяць і памятае аб трагедыі іншых народаў. Чаму нам, беларусам, не вучыцца таму выдатнаму, што ёсць у нашых суседзяў-палякаў?

Ігар Мельнікаў не хлусіць: на вайсковых могілках у Вроцлаве сапраўды “гараць” чырвоныя зоркі і ніхто іх не зафарбоўвае / sewa7.livejournal.com

Дарэчы, у зруйнаваных бульдозерам магілах пад Мікулішкамі ў Ашмянскім раёне пахаваны “краёўцы”, якія загінулі ў 1944 годзе падчас баёў з нямецкім войскам і літоўскімі фармаваннямі. Для беларускіх ідэолагаў розніцы няма: Армія Краёва “забойцы”, “ка́ты” — і ўсё тут.

— Навошта знішчаць польскія месцы нацыянальнай памяці, калі ў Польшчы савецкія пахаванні і могілкі знаходзяцца ў добрым, належным стане? — пытаецца Ігар Мельнікаў. — Калі ў Польшчы помнікі на савецкіх могілках стаяць на месцы, калі там можна ўбачыць чырвоныя зоркі?

Беларускім дзяржаўным ідэолагам, чыноўнікам, варта было б прадумаць турыстычныя маршруты для грамадзян нашай краіны. Каб людзі прыязджалі ў Польшчу, Чэхію, Германію і іншыя краіны, дзе ёсць савецкія вайсковыя пахаванні. Каб яны самі ўсклалі кветкі на магілы савецкіх жаўнераў, каб яны ўласнымі вачамі ўбачылі, што гэтыя пахаванні знаходзяцца на сваіх месцах, што яны не разбураныя.

Памятная шыльда ў Вроцлаве на могілках савецкіх афіцэраў / Еўрарадыё

— Спадзяюся, што тут [у Польшчы] з’явяцца грамадзяне Беларусі, і ў Польшчу яны будуць ездзіць не толькі ў шопінг “на закупы”, але і дзеля таго, каб наведаць гэтыя пахаванні, як гэта робяць палякі са сваімі месцамі нацыянальнай памяці за мяжой Польшчы, — падкрэслівае Ігар Мельнікаў.

Даведка: Армія Краёва — падпольная ваенная арганізацыя, якая дзейнічала ў гады нямецкай акупацыі на тэрыторыі Польшчы, а таксама ў заходніх рэгіёнах Украіны, Беларусі і Літвы. Армія Краёва была асноўнай арганізацыяй польскага Супраціву, які змагаўся супраць нямецкай акупацыі. Першыя атрады АК на тэрыторыі Беларусі былі створаны ў лютым 1942 года на базе антысавецкіх падпольных ваенных буржуазных арганізацый Польшчы. Кіраўніцтва АК выкарыстоўвала канцэпцыю “двух ворагаў” — Германіі і СССР, бо лічыла дзеянні гэтых дзяржаў несправядлівымі і агрэсіўнымі ў дачыненні да польскага народа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.