Чыноўніца Ваўкавыскага райвыканкаму асуджаная за хабар да 4 гадоў турмы

Былы начальнік аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкаму асуджаная да 4 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за атрыманне хабару. Як паведамляе прэс-цэнтр Генпракуратуры, крымінальная справа ў дачыненні да чыноўніцы была заведзеная пракуратурай Гродзенскай вобласці за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.430 (атрыманне хабару) КК.

Расследаваннем вызначана, што да яе ў кастрычніку 2007 г. звярнуўся індывідуальны прадпрымальнік з просьбай паспрыяць у заключэнні дамовы арэнды памяшкання склада, які належыць на праве аператыўнага кіравання дзяржаўнай установе культуры «Ваўкавыская хата рамёстваў». У далейшым яна пераканала дырэктара гэтай установы, а таксама работнікаў розных службаў і аддзелаў Ваўкавыскага райвыканкаму ў мэтазгоднасці заключэння дамовы арэнды і дамаглася прыняцця адпаведнага рашэння выканаўчага камітэта.

За гэтыя дзеянні чыноўніца атрымала ад індывідуальнага прадпрымальніка ў якасці хабару мабільны тэлефон коштам 290 тыс. рублёў і 1000 долараў ЗША.

Паведамляе АФН