Чаму пуцёўка ў егіпецкі гатэль у Беларусі ўдвая даражэй, чым ва Украіне

Калі на рынках Хмяльніцкага і Чарнігава вопратка і прадукты таннейшыя, чым на “Ждановічах”, то, можа, і адпачынак у якой Турцыі ўкраінская турфірма арганізуе танней? Дырэктар кіеўскай турыстычнай кампаніі “Спёка” Кацярына Карасёва-Білінская нават здзіўляецца пытанню: “Канешне, у нас больш выгадныя прапановы!” І прапануе ў якасці доказу простае параўнанне.

"Давай возьмем адзін і той жа гатэль і параўнаем. Ну, вось Егіпет, гатэль “Хілтан Лонг біч” у Хургадзе, 5 зорак. Калі вылет з Мінска ад аператара “Тэз-тур”, то на пачатак чэрвеня паездка на дваіх каштуе 2014 долараў. З Кіева паляцець ў той жа гатэль, на тыя ж 7 начэй, з тым жа “ўсё ўключана”, на тыя ж самыя даты – 950 долараў. Эканомія – 50%!"

Прычым, сцвярджае Кацярына, такая ж сітуацыя і па іншых краінах — паляцець на адпачынак ці то ў Турцыю, ці то ў Чарнагорыю, набыўшы тур ва ўкраінскай турфірме, значна танней. І няўжо няма ніякіх падводных камянёў? Да прыкладу, трэба ж яшчэ да таго Кіева дабрацца. Глядзім кошты на сайце Белавія: квіток у два бакі абыдзецца ў 129 еўра на чалавека. Бяру ў рукі калькулятар — што ў нас з тым егіпецкім “Хілтанам”? Нават з улікам пералёту з Мінска ў Кіеў атрымліваем эканомію амаль у 800 долараў! А што казаць пра тых жыхароў Гомеля ці Магілёва, каму для вылету на мора трэба было спачатку да Мінска дабрацца — ім да Кіева бліжэй!

Ці магчымая такая розніца ў коштах на адзін і той жа гатэль, пытаюся ў супрацоўніцы адной з мінскіх турфірм. І як прыклад кажу пра розніцу на той жа “Хілтан”.

"Рэальна ёсць такое… Ну, у нас у Мінску дорага таму, што ў нас няма канкурэнцыі ніякай — у нас лётае адна “Белавія”. А з той жа Масквы ляціць шмат авіякампаній і ў кожнага свой кошт".

Даходзіць да таго, што калі айчынны турыст хоча зэканоміць, то нават беларускія турфірмы прапаноўваюць яму варыянты вылету з Кіева ці Масквы. Украінскія канкурэнты добра гэта зразумелі і нават знайшлі выйсце з сітуацыі аплаты набытага тура — для гэтага не трэба дадаткова ехаць у Кіеў.

Кацярына Карасёва-Білінская: “Робім дамову, дасылаем яе вам на электронную пошту і выстаўляем рахунак. І беларус можа пайсці ў любы бліжэйшы банк, аплаціць альбо ў нацыянальнай валюце, альбо ў доларах ці еўра — як вам зручней. Пасля пацверджання аб аплаце мы высылаем вам, зноў жа ў электронным выглядзе, усе неабходныя для палёту і адпачынку дакументы”.

Але ці сапраўды справа толькі ў адсутнасці канкурэнцыі сярод авіяперавозчыкаў? Не толькі і нават не столькі, тлумачыць рэдактар украінскага он-лайн-часопіса Turprofi.com.ua Валерыя Аўсянік.

"У нас цяпер уся праблема ў тым, што няма турыстаў. І тураператары, якія загадзя набываюць месцы ў гатэлях, месцы ў самалётах, абавязаныя гэта прадаць, каб не сысці ў мінус. Зразумела, трэба браць кліента адкуль заўгодна і па якой заўгодна цане, каб хаця б нешта вярнуць, каб не былі месцы ў самалётах пустыя".

Адпаведна, і глядзяць з надзеяй украінскія турфірмы ў бок беларускага турыста. Па словах Кацярыны Карасёвай-Білінскай, у іх фірме ў мінулы летні сезон да 10% пуцёвак набывалі беларусы. Кажа, што гэта мала, і абяцае, што кліентам з Беларусі сёлета надаецца асаблівая ўвага.

-- Зімой, калі беларусы крыху баяліся ездзіць, бо былі розныя інфармацыйныя паведамленні і людзі разважалі: “А раптам там вайна ці бандэраўцы нападуць па дарозе”, то 12% складаў турпаток з Беларусі. – Далучаецца да размовы Валерыя Аўсянік. -- Хутчэй за ўсё, летам ён павялічыцца і ў адсоткавым выражэнні гэта добры кавалак. Асабліва такія краіны, як Егіпет і Турцыя беларусы з задавальненнем у нас бяруць.

Цікава, у нас, здаецца, усё ж, рынак. І няхай сабе няма канкурэнцыя сярод айчынных авіяперавозчыкаў, але ж нейкім чынам беларускія турфірмы павінны змагацца за беларускага турыста, каб яго ўкраінцы не перахапілі коштамі на пуцёўкі? Але мая суразмоўца з мінскай турфірмы агаломшвае: змагацца з украінцамі за кліентаў яны… не збіраюцца. Бо, кажа, у іх фірме 90% кліентаў — гэта сябры, ці пастаянныя кліенты, і сябры сяброў. А яшчэ адзін аргумент на карысць такога пацыфізму — беларусы баяцца лётаць з Кіева. Праўда, у канцы размовы прызнаецца, што праблемы сёлета ў турагенцтваў ёсць — продажы пуцёвак упалі. Але спісвае гэта на фінансавыя цяжкасці беларусаў. Маўляў, больш выгадныя прапановы ад украінскіх канкурэнтаў тут ні пры чым.

Рэдактар беларускай газеты “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік пагаджаецца: туры ва Украіне заўжды былі таннейшыя. Менавіта авіяквіток складае асноўную частку “турпакета”, апералёт з Кіева ці Масквы каштуе на палову менш, чым з Мінска. Але кошты і ў нас паціху ідуць уніз.

"Няма такога аб’ёму людзей, на які хаця б прыкладна разлічвалі аператары. Хоць праграмы ўжо былі падціснутыя адсоткаў на 30%, але я бачу, што аператары ўжо выкідаюць танныя квіткі. На тую ж Іспанію. Гэта азначае, што ёсць напружанне, што не бяруць".

Безумоўна, у вылеце з Мінска ёсць зручнасць. Асабліва для сям’і з малымі дзецьмі. Але ж важнае і пытанне эканоміі. Можна, вядома, паспрабаваць злавіць “гарачую” пуцёўку ад айчыннага аператара, але Лілія Кобзік не раіць разлічваць на "вал" такіх прапаноў сёлета.

"Так склаўся наш рынак, і з гэтым звыкліся нашы аператары, што наш рынак падзелены на дзве часткі: хто нягледзячы ні на які кошт паляціць з Мінска, і хто заўжды падлічвае і ляціць адтуль, адкуль танней — Кіеў, Масква, Вільня, Варшава. І для каго кошт зніжаць? Гэтыя ўсё адно паляцяць дзе яшчэ танней, а тыя — усё адно будуць ляцець з Мінска!"

Тым не менш, Лілія раіць прыглядзецца да тураў у еўрапейскім накірунку — яны ў нас могуць нават скептыкам падасца даволі прывабнымі па грашах. 

Фота: santamara.ru 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі