З 2027 года беларусы за мяжой больш не змогуць праверыць забарону на выезд праз амбасаду

На мяжы

На мяжы / delfi.lt

З 23 студзеня 2027 года беларусы, якія жывуць за мяжой, страцяць яшчэ адзін спосаб праверыць, ці забаронены ім выезд з краіны. Атрымаць адпаведную даведку праз амбасаду або консульства Беларусі больш не атрымаецца — для гэтага давядзецца асабіста звяртацца ў адно з падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі ў Беларусі.

Зараз такі дакумент яшчэ можна запытаць у дыпламатычным прадстаўніцтве за мяжой. Яго рыхтуюць на працягу дзесяці працоўных дзён. У Беларусі даведку можна атрымаць хутчэй — бясплатна і не пазней за адзін працоўны дзень пасля асабістага звароту з дакументам, які пацвярджае асобу. Анлайн-праверку забароны на выезд на сайце МУС ужо прыбралі.

Змены прадугледжаныя ўказам № 234, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў у ліпені. Як адзначае сэрвіс Legalhub.help, пасля 23 студзеня 2027 года праверыць наяўнасць абмежавання можна будзе толькі ў Беларусі. Пры гэтым улады не тлумачаць, навошта ўводзяць такое абмежаванне. Забарона на выезд можа быць звязаная, напрыклад, з запазычанасцямі або крымінальнай справай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.