Чаму палітвязняў 800, а спраў у разы больш? Тлумачаць праваабаронцы

Аўтазак у Мінску / Фота: Еўрарадыё​
Аўтазак у Мінску / Фота: Еўрарадыё​

Грамадства даўно задаецца пытаннем, чаму палітычных зняволеных менш, чым крымінальных спраў, заведзеных на беларусаў. І чаму часам відавочнага палітвязня такім не прызнаюць.

29 верасня ў кіеўскім Цэнтры грамадзянскіх свабод прайшла сустрэча, прысвечаная палітычным зняволеным у Беларусі. На гэтым мерапрыемстве растлумачылі, каго можна прылічыць да такой групы. Прыводзім галоўныя тэзісы.

 

Камень спатыкнення

Хто такі палітычны зняволены? Па-першае, гэта зняволены. Па-другое, у зняволенні прысутнічае палітычны матыў. Але незразумела, які зняволены маецца на ўвазе. Той, на каго ёсць рашэнне суда да пазбаўлення волі? Ці той, каго проста затрымалі? Ці той, каму далі суткі? А што рабіць з хатнім арыштам?

Што да палітычнага матыву, тут яшчэ больш незразумела. Па-першае, што ўваходзіць у "палітычныя матывы"? Па-другое, калі, напрыклад, палітычнага матыву няма, але ўсё роўна відавочна, што была нейкая прадузятасць з боку дзяржавы. Напрыклад, дзейнасць праваабаронцаў. Абараняць свае правы, правы іншых людзей і атрымліваць нейкія рэпрэсіі за гэтую дзейнасць — гэта можна прызнаць палітычным зняволеннем?

Гэтыя пытанні даволі доўга хвалявалі праваабарончую супольнасць. Усё гэта прывяло да таго, што ў 2013 годзе на беларускім праваабарончым форуме ў Вільні была распрацавана інструкцыя па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Удзельнічалі ў распрацоўцы не толькі беларускія праваабарончыя арганізацыі, але таксама і ўкраінскія, і расійскія, былі праваабаронцы з Польшчы, Літвы, Грузіі і Азербайджана. У выніку былі выпрацаваны пэўныя прынцыпы.

Катэгорыі палітычных зняволеных

Калі дзяржаўныя органы датычныя да пазбаўлення волі чалавека, то можна вылучыць дзве катэгорыі палітычных зняволеных: "палітычныя актывісты" і "вязні сумлення".

Да "вязняў сумлення" адносяцца праваабаронцы, якія абараняюць правы іншых людзей і свае правы, а таксама людзі, якіх пераследуюць па матывах дыскрымінацыі.

Калі мы вызначаем, што чалавек ёсць "вязнем сумлення", то не абавязкова вызначаць, што ў дзяржавы быў нейкі палітычны матыў. Мы разумеем, што чалавек абараняў чыесьці правы і яго за гэта затрымалі.

Тады праваабарончая супольнасць абвяшчае галоўнае патрабаванне — неадкладнае вызваленне. Незалежна ад таго, якія былі абставіны справы: спачатку вызваліць, а потым ужо разбірацца.

Сцэнары вызначэння палітычнага зняволенага

Першы сцэнар — гэта пазбаўленне волі з парушэннем нейкіх правоў. Звычайна гаворка ідзе пра права на справядлівы суд. Без парушэнняў у ходзе судовага разбору.

Другі сцэнар — фальсіфікацыя. Збоку складваецца ўражанне, што сапраўды было здзейснена нейкае злачынства або правапарушэнне і затрыманне было правамернае.

Але папраўдзе доказы, якія прадстаўлены ў судзе, былі сфальсіфікаваныя. Альбо гэта правапарушэнне сапраўды хтосьці здзейсніў, але не той чалавек, якога асудзілі. Альбо яно наогул не існавала.

Трэці сцэнар — непрапарцыйнасць. Магчыма, сапраўды мела месца нейкае правапарушэнне або злачынства. І чалавека асудзілі, абмежаваўшы яму свабоду, але гэта абмежаванне непрапарцыйнае той шкодзе, якую ён нанёс.

Напрыклад, чалавек намаляваў невялікае графіці на сцяне, дзе яго асабліва не відаць, пры гэтым будынак не ёсць гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а яму за гэта далі 15 сутак. Пры гэтым ён мог пакрыць кошт выдалення графіці ці сам яго зафарбаваць.

Чацвёрты сцэнар — выбіральнасць. Гэта калі за падобнае парушэнне аднаму чалавеку даюць меншае пакаранне ці ўвогуле не пазбаўляюць волі, а іншага асуджаюць па максімуме.

Калі мы не прызнаём чалавека палітычным зняволеным

Пераходзім да самага складанага і спрэчнага моманту — непрызнанне чалавека палітычным зняволеным. Дапусцім, мы назіраем адзін з чатырох сцэнароў, ці можам мы адразу прызнаць грамадзяніна палітычным зняволеным?

Не можам.

Першае выключэнне — чалавек не павінен здзяйсняць гвалт. Тут ёсць выключэнні, калі гвалт быў ужыты "ў выпадку неабходнай абароны" або "крайняй неабходнасці".

"Неабходная абарона" — гэта такая сітуацыя, калі чалавек прычыняе каму-небудзь шкоду, каб не прычынілі шкоду яму або іншым людзям. Гэта значыць, па сутнасці, ён абараняецца.

"Крайняя неабходнасць" — гэта калі чалавек прычыняе шкоду, каб не дапусціць нейкай яшчэ большай шкоды.

Другое выключэнне — чалавек не павінен здзяйсняць злачынствы на глебе нянавісці і выкарыстоўваць мову варожасці.

Што такое злачынства на глебе нянавісці? Гэта рэальнае злачынства паводле Крымінальнага кодэкса, у якога ёсць дыскрымінацыйныя матывы.

Хто прызнае людзей палітычнымі зняволенымі?

Праваабарончыя арганізацыі. Але важна разумець, што гэта не нейкая адзіная кансалідаваная сіла. Нягледзячы на тое, што ёсць інструкцыя да працы, якой усе павінны прытрымлівацца, яна не мае ніякай абавязковай сілы. Гэта рэкамендацыі.

Іх лепш прытрымлівацца. Але ў адным канкрэтным індывідуальным выпадку ў розных арганізацый могуць быць розныя меркаванні. Нават унутры адной арганізацыі ў людзей могуць быць розныя меркаванні.

Таму мы часам бачым, што спісы палітычных зняволеных адрозніваюцца і існуе столькі дыскусій наконт прызнання палітычным зняволеным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі