Чаму 21-гадовы айцішнік ахвяраваў 2500 рублёў на юбілей БНР. Размова з хлопцам

Чаму 21-гадовы айцішнік ахвяраваў 2500 рублёў на юбілей БНР. Размова з хлопцам

Уладзь Чачоткін — адзін з 268 чалавек, якія ўжо падтрымалі грашыма святкаванне Дня Волі ў Мінску. Ён ўнёс самы вялікі ўклад — цэлых 2500 рублёў! Распрацоўшчыку праграмнага забеспячэння з мінскай аўтсорс-кампаніі, дзе ён працуе, у красавіку споўніцца 22 гады. Праз некалькі месяцаў пасля яго нараджэння ў Беларусі прайшоў рэферэндум, які вызначыў далейшую гісторыю краіны. Гэта значыць, што ніякай іншай улады і ніякага іншага жыцця ў Беларусі, акрамя таго што ёсць цяпер, хлопец не ведаў.

Чаму тады стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікай, якое ігнаруецца ўладамі, для яго свята, на якое было не шкада ахвяраваць столькі грошай?

“Я заўсёды цікавіўся папулярнай навукай і гісторыяй, — кажа ён. — Так і дайшоў да тэмы БНР, і зразумеў, што вось гэта — наша нацыя, наша гісторыя, наша спадчына, наша ідэнтычнасць як соцыуму агулам. А не тое, што нам пакінуў рускі імперыялізм. Мае родныя ніякай нацыянальнай альбо этнічнай самасвядомасці не мелі, дома свята не адзначалі. Але сам я апошнія гадоў шэсць хаджу на Дні Волі. Да гэтага часу гэта была мая адзіная грамадзянская актыўнасць. Доўга да гэтага ішоў, але, калі сцісла, проста прыняў рашэнне, што я грамадзянін сваёй краіны (не блытаць з дзяржавай) і буду жыць адпаведна гэтаму”.

Што тычыцца сумы, хлопец адзначыў, што ў яго былі некаторыя ашчаджэнні і “як аднойчы сказаў грамадскі актывіст Павел Белавус, сто гадоў БНР будзе толькі пры нашым жыцці”.

Адказваючы на пытанне, ці ўпэўнены ён у тым, што свята адбудзецца, Уладзь Чачоткін падкрэсліў, што калі б у гэта не верыў, то не удзельнічаў бы ў зборы сродкаў.

“Я веру ў тое, што свята будзе і пройдзе без асаблівых эксцэсаў, — кажа ён. — Чаму нічога падобнага так доўга ў краіне не ладзілі? Тут справа як у дзяржавае, так і ў арганізацыі”.

Дарэчы, на старонцы ў Фэйсбуку Уладзя Чачоткіна ёсць запіс, дзе ён пералічвае імёны некаторых арганізатараў свята і называе іх апазіцыяй нашай апазіцыі.

“Справа ў тым, што так званая апазіцыя ў нас была доўгі час больш-менш аднароднай, і ў большасці простых беларусаў ніякай сімпатыі не выклікала, — патлумачыў свой погляд суразмоўца. — "Апазіцыя апазіцыі" ў дадзеным выпадку — гэта гульня слоў, накіраваная на тое, каб паказаць, што менавіта гэтыя людзі — новы напрамак грамадзянскага руху. Мне здаецца, што цяпер мы маем магчымасць назіраць гістарычнае яднанне імпэту душ многіх людзей”.

Нагадаем, што збор сродкаў на святкаванне стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску ажыццяўляецца на сайце talaka.org. 2 сакавіка стала вядома, што Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне канцэрта і мітынгу, прысвечаных Дню Волі. Мерапряемства пройдзе на пляцоўцы ля Опернага тэатра.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі