Работнікаў некалькіх сельскіх выканкамаў і мясцовых бюджэтнікаў у Буда-Кашалёўскім раёне прыцягнулі да збору кукурузы — з вёдрамі і мяшкамі папрасілі выйсці ў палі. Пра гэта расказвае мясцовае выданне"Авангард".
Людзей адправілі на палі, куды "праз нізіну і забалочанасць" не можа заехаць тэхніка. "Тут вы загразлі, а ўяўляеце, што з камбайнам будзе?",- патлумачыў рашэнне слесар СУП "Андрэеўка" Рыгор Арцёмкаў. Паводле яго словаў,"каб тэхніку не ламаць, было вырашана вось такія праблемныя ўчасткі сабраць уручную".
Для работнікаў, піша выданне, кожнае прадпрыемства арганізавала гарачую гарбату і бутэрброды, а таксама "падвезлі дровы, каб людзі змаглі абагрэцца і абсушыцца ля вогнішча".


