Вы тут

Беларускія ўлады прызналі гэта ўпершыню за два дзясяткі гадоў

Фота: Еўрарадыё​

У Беларусі адзначаюць 100-годдзе з дня стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі (чытай — абвяшчэння незалежнасці). 25 сакавіка 1918 года Рада БНР абвяшчае незалежнасць краіны, бальшавікі ў шоку. Яны думалі, што ўсё кантралююць.

Улады сучаснай незалежнай Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам кантралююць усё, таму ніколі не ўспрымалі Дзень Волі 25 сакавіка як значную для дзяржавы дату. Бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня", якія ў 1918 і затым у 1991 годзе сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі, былі замененыя на новыя.

Беларуская апазіцыя кожнага 25 сакавіка адзначае Дзень Волі вулічнымі шэсцямі. І кожная такая акцыя азначае жорсткія арышты. У нейкія гады ўлады давалі дазвол на святкаванне, гэта былі здзеклівыя дазволы. Месцам правядзення акцыі ўлады вызначалі сквер на ўскраіне Мінска. І ўсё па законе.

І раптам беларускія ўлады не толькі даюць дазвол на правядзенне 25 сакавіка мітынгу ў гонар 100-годдзя БНР, але і самі прапануюць арганізатарам святкавання зладзіць вялікі канцэрт на пляцоўцы ў цэнтры горада — ля Опернага тэатра.

Радуйцеся! Але такая лібералізацыя нечакана падзяліла апазіцыю: адны пагадзіліся на святочныя мітынг і канцэрт, іншыя выступалі за традыцыйны фармат — шэсце па вуліцах сталіцы, усё роўна, дадуць улады дазвол ці традыцыйна адмовяць. Улады традыцыйна адмовілі. Спрэчкі і рознагалоссі ўзмацніліся пасля таго, як былі арыштаваныя лідары вулічнага шэсця.

Цяпер палітолагі гадаюць, ці быў гэта хітры ход, каб пасварыць апазіцыю і нацыянальна-арыентаваную частку беларусаў. Ці проста афіцыйны Мінск вырашыў патроліть Расію, усё-ткі лідары БНР 100 гадоў таму выступілі супраць Масквы і бальшавікоў!

"На маю думку, сёння ва ўладзе людзей, якія ставяцца да гэтай даты з павагай і цікавасцю, значна больш, чым у цэлым у грамадстве. І ёсць разуменне, што гэты дзень можна і трэба святкаваць як дату, якая аб'ядноўвае. Прычым людзі, "якія разумеюць", што Дзень Волі — не падстава для палітычнага супрацьстаяння, ёсць як ва ўладзе, так і ў апазіцыі. А ў такіх умовах пазітыўныя сігналы правільна ўспрымаюцца абодвума бакамі", — кажа кіраўнік экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог" палітолаг Яўген Прэйгерман.

З тым, што сёння афіцыйнаму Мінску патрэбны Дзень Волі, згодны і дырэктар мінскага інстытута "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч:

"Любая дзяржава павінная ўмацоўваць нацыянальную ідэнтычнасць. Гісторыя для гэтага мае вялікае значэнне. Вельмі доўга ў Беларусі не было кансенсусу па гэтым пытанні, улада прасоўвала альтэрнатыўную гісторыю, дзе не было месца БНР. Але ў апошнія 15 гадоў з рознай інтэнсіўнасцю ў розныя гады адбываецца такі сінтэз дзвюх гісторый. І дазвол на правядзенне святкавання ў цэнтры горада — гэта адзін з элементаў такога сінтэзу. Спроба знайсці кансэнсус па ключавых момантах гістарычнай памяці. А сама гістарычнасць гэтай падзеі — 100-я ўгодкі БНР — выцясняе з падзеі палітычны складнік. А дазвол на менавіта канцэрт — гэта яшчэ адна спроба дэпалітызаваць гэтае мерапрыемства".

Скажам больш: калі "эксперымент" атрымаецца, улады пойдуць і далей, упэўнены Андрэй Казакевіч.

А вось Яўген Прэйгерман упэўнены, што на такое "незалежнае" рашэнне Мінска ўплывае сітуацыя ў рэгіёне:

"Як мусіць дзейнічаць такая краіна, як Беларусь, знаходзячыся на такім геапалітычным разломе? Яна шукае магчымасці стаць хоць трохі мацнейшай, каб перажыць хвалю геапалітычных турбацый. У такой сітуацыі ўладзе неабходныя базавыя аб'яднальныя рэчы накшталт суверэнітэту краіны. А ўсё звязанае з БНР — у рэчышчы гэтай ідэі. Адпаведна, улада, азіраючыся на дзеянні суседзяў па рэгіёне, бярэ БНР сабе на ўзбраенне".

Эксперты выключаюць імавернасць таго, што 25 сакавіка мерапрыемства каля Опернага тэатра будзе беспадстаўна разагнанае сілавікамі ці што музыкі, якія выступяць на канцэрце, трапяць у "чорныя спісы", як было раней і ім забароняць выступаць далей. Як жорстка жартуюць у сацсетках, табе не трэба будзе затрымліваць людзей на Дзень Волі, калі затрымаць іх усіх да 25 сакавіка. А менавіта гэта і адбылося. Самых патэнцыйна буяных ізалявалі загадзя.