Вы тут

Беларускі след у крадзяжы 100 мільёнаў долараў з амерыканскіх банкаў

Ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міністэрствы юстыцыі і фінансаў ЗША 6 снежня ўвялі санкцыі супраць 17 фізічных асоб і сямі юрыдычных асоб, звязаных з кампаніяй Evil Corp., зарэгістраванай у Расіі, піша "Настоящее время". 

Расіян вінавацяць у стварэнні і выкарыстанні праграм-"траянаў", з дапамогай якіх яны скралі з банкаўскіх рахункаў амерыканскіх грамадзян і кампаній не менш за 100 мільёнаў долараў. Кіраўніком групоўкі Мінфін ЗША называе нейкага Максіма Якубца. Штаты прызначылі ўзнагароду ў 5 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая можа прывесці да затрымання чальцоў Evil Corp. Спецслужбы ЗША мяркуюць, што гэтыя хакеры звязаныя з расійскімі спецслужбамі.

Паведамляецца, што расійскія хакеры выкарыстоўвалі траян "Dridex", які рассылалі з дапамогай фішынгавых лістоў. Выявіць вірус пры дапамозе распаўсюджаных антывірусных праграм было складана.

Групоўку Evil Corp. амерыканскія ўлады называюць адной з найбуйнейшых хакерскіх груп у гісторыі.

Грошы, якія хакеры здымалі з амерыканскіх рахункаў, пераводзіліся ў банк у Мінску. Назва беларускага банка, аднак, не раскрываецца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.