Беларуска ў Непале: Да ранейшага жыцця ўсё вярнулася вельмі хутка

Колькасць загінулых ад землятрусу ў Непале перавысіла 8 тысяч чалавек. Яшчэ 16 тысяч пацярпелі.

У Непале дагэтуль знаходзяцца беларусы. Любоў Праневіч цяпер жыве ў Катманду і з’язджаць да чэрвеня не плануе.

Любоў Праневіч

Любоў кажа, што з’ехаць з Непала цяпер не праблема. Ці на самалёце, ці аўтобусам у Індыю. Можна нават арэндаваць аўтамабіль. Не складана гэта было зрабіць і пасля землятрусу:

“Мяркую, што ў любым выпадку можна было вылецець звычайным рэйсам. Яны былі. Іх было больш чым звычайна. Але за вельмі вялікі кошт. На трэці дзень пасля землятрусу квіткі, напрыклад, да Масквы праз Бамбей, каштавалі прыблізна 850 долараў”.

Дзяўчына дадае, што штуршкі працягваюцца і дагэтуль.

“Штуршкі працягваюцца ўвесь час. Тры дні таму быў моцны штуршок у 4,9 балаў. А дробныя штуршкі каля трох балаў ідуць увесь час. Часам, калі ідзеш па вуліцы, здаецца, што кружыцца галава”, — кажа Любоў.

Яна прыгадвае, што падчас землятрусу непальцы зусім не панікавалі. Калі трэсла, людзі сядзелі на зямлі, чыталі мантры. Але панікі не было. Гэтак жа яны паводзілі сябе і далей. Да ранейшага жыцця ўсё вярнулася вельмі хутка.

Любоў узгадвае цікавую гісторыю. У будысцкім храмавым комплексе Сваямбунатх вісеў вялікі звон. Падчас землятрусу ён ўпаў і накрыў 12-гадовую дзяўчынку. Шмат будынкаў побач разбурылася. Але дзяўчынку гэты звон абараніў. Яе знайшлі праз некаторы час, і яна не мела ніводнай драпіны.

СМІ адзначаюць, што існуе рызыка эпідэмій, якія могуць пачацца праз тое, што вялікая колькасці целаў застаецца пад заваламі. Беларуска мяркуе, што на дадзены момант такой пагрозы няма, і з санітарыяй у горадзе ўсё нармальна. Праз некалькі дзён пасля трагедыі пачаліся масавыя крэмацыі загінулых. Вуліцы пасыпаюцца хлоркай, людзі ходзяць у масках. Таксама няма праблем з вадой. Тут шмат крыніц, шмат вады дастаўляецца ў бутэльках. Няма праблем і з харчаваннем.

“Сапраўдныя праблемы маюць аддаленыя вясковыя раёны. Туды і ў нармальнай сітуацыі па нармальнай дарозе няпроста было патрапіць. А цяпер, калі дарогі разбураныя, людзей цалкам адрэзала з усіх бакоў. Таму асноўныя праблемы там, дапамога патрэбная там”, — кажа Любоў.

Фота: з архіву Любові Праневіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі