Беларусь “прадае” ў Расію сыр з Сан-Марына, які нават не імпартуе?

Беларусь “прадае” ў Расію сыр з Сан-Марына, які нават не імпартуе?

Расія ўжо другі раз пераносіць дату ўвядзення санкцый у дачыненні да беларускіх вытворцаў і пастаўшчыкоў малочнай прадукцыі. Цяпер абмежаванні павінныя набыць моц толькі з 15 сакавіка.

Расійскі бок абвінавачвае тры беларускія кампаніі ў пастаўках забароненай малочнай прадукцыі з Украіны і Еўрасаюза пад выглядам тавараў з краін, якія не трапілі пад забарону (Іран, Македонія, Сан-Марына і Кітай). Па інфармацыі Рассельгаснагляду, гаворка ідзе пра 150 тысяч тон забароненых малочных прадуктаў.

Падставай для звароту стала затрыманне на беларуска-расійскай мяжы партыі "сыру з Сан-Марына". На маркіровачных этыкетках было пазначана, што вытворца — "San Marino Formaggi s.r.l.". Ва ўпакоўках аказаўся не якасны італьянскі сыр, а нейкі "прадукт расліннага паходжання бялкова-тлушчавы Фэста".

Сан-Марынская кампанія, якая нібыта з'яўляецца вытворцам гэтых прадуктаў, заявіла Рассельгаснагляду, што ніякай сваёй прадукцыі ў Беларусь ці Расію яны не адгружалі. А азнаёміўшыся з афіцыйным сайтам San Marino Formaggi, немагчыма знайсці "прадуктаў расліннага паходжання бялкова-тлушчавых", толькі класічныя сыры.

Таксама цікава тое, што, паводле афіцыйных дадзеных “Белстата”, Беларусь... не імпартавала з Сан-Марына ні сыроў, ні якіх-небудзь прадуктаў расліннага паходжання ў 2017 годзе! Атрымліваецца, што ёсць прадукцыя быццам з Сан-Марына, якую дэманструе Расія ў якасці доказу парушэнняў, а з іншага боку, Беларусь такую прадукцыю не імпартавала. Чыя ж яна? На думку Рассельгаснагляду, гэтыя "бялкова-тлушчавыя прадукты" завезеныя з Украіны.

Беларускі імпарцёр, этыкетку якога дэманстравалі расіяне, — брэсцкі філіял РУП "Белмытнясервіс". Прадстаўнік кампаніі распавёў Еўрарадыё, што яны да гэтых прадуктаў не маюць ніякага дачынення: "Мы не імпартуем сыры або сырападобныя прадукты. Гэта чарговая правакацыя". Патлумачыць, чаму іх прадпрыемства пазначанае як імпарцёр падазроных сыроў, ён не змог.

Беларусь “прадае” ў Расію сыр з Сан-Марына, які нават не імпартуе?
Маркіровачная этыкетка. Фота: rshn32.ru

Атрымліваецца, што альбо прадстаўнікі кампаніі нешта хаваюць, альбо хтосьці нядобрасумленны карыстаецца рэквізітамі беларускіх прадпрыемстваў і правозіць пад іх маркай у Расію забароненую прадукцыю з Украіны і Еўрасаюза.

У Рассельгаснаглядзе ўпэўненыя, што увозам "забароненай" прадукцыі займаюцца тры буйныя беларускія фірмы, у дачыненні да якіх яны патрабуюць правесці праверкі і прыняць адпаведныя меры.

Аднак у прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі нават не змаглі адказаць, ці атрымалі яны зварот і ці будуць праводзіцца праверкі гэтых прадпрыемстваў: "Я не магу сцвярджаць, што цяпер у дачыненні да гэтых прадпрыемстваў праводзяцца нейкія праверкі. Але калі мы атрымліваем звароты, то пачынаем праводзіць сваю праверку".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі