Вы тут

Рок, піва і “Жыве Беларусь” а 6-й раніцы. Няўжо “Басы” — усё?

Галоўная сцэна "Басовішча" / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Задоўга да пачатку трыццатага “Басовішча” арганізатары абвясцілі, што сёлетні фэст стане апошнім. Трэба сказаць, гэта спрацавала: сярод гледачоў былі заўсёднікі фэсту, якія прыязджаюць у лес пад Грудкам дзясяты і пятнаццаты раз, але было і шмат тых, для каго сёлетнія “Басы” сталі першымі ў жыцці. Бо як гэта — пражыць жыццё і не з’ездзіць на “Басовішча”?!

У намётавым мястэчку спыніліся некалькі тысяч чалавек. Прычым не толькі з Беларусі. Былі тут і госці з Бельгіі, Германіі, Аўстрыі і нават Ірландыі. Шмат каму з гледачоў — пад сорак. Некаторыя прывезлі сюды сем’і. Некаторыя пары ў свой час пазнаёміліся тут, на “Басах”.

Што такое “Басовішча”? Музыка, рэкі піва, крыкі “Жыве Беларусь” у 6 гадзін раніцы і бясконцыя размовы. Галоўнай тэмай было, натуральна, закрыццё “Басоў”. 

Меркаванні падзяліліся. Адны казалі, што культавы фэст згортваць нельга — так шмат ён даў беларускай музыцы. Другія трымаліся думкі, што варта ўжо ставіць кропку. Маўляў, сэнсу ў “Басовішчы” засталося няшмат. Калі раней сюды ехалі паслухаць музыку, якая была забаронена ў Беларусі, дык зараз забарон няма. А маладыя гурты раскручваюцца зусім іншымі спосабамі. Сумным доказам таму стала, скажам далікатна, невялікая колькасць гледачоў падчас конкурсу маладых выканаўцаў, з якога традыцыйна пачынаецца “Басовішча”. 

Апошнімі пераможцамі “Басовічша” сталі адразу два гурты: Harmonix College з Рагачова (граюць у стылі пост-рок) і сталічны дуэт luty sakavik, які здзівіў усіх сваім незвычайным стылем, больш за ўсё падобным да электра-пост-панка.

Вакаліст гурта luty sakavik Эрык Арлоў-Шымкус

Арганізатары сцвярджаюць, што спыняюць фэст праз недахоп фінансавання. Але мала хто верыць, што гісторыя “Басоў” на гэтым скончыцца. Нават наадварот, амаль усе ўпэўненыя, што фэст чакае змена фармату, ідэйная перазагрузка.

А каб чакаць навін пра 31-е “Басовішча” было не так сумна — паглядзіце, як за два дні на адной сцэне адыгралі свае музычныя сэты Крама, Re1ikt, Znich, Dzieciuki, Volski і іншыя вядомыя рокеры. Недарма ж тры ночы не спала намётавае мястэчка!

Моцны сэт адыграў і гурт :B:N:, напрыканцы якога вакаліст Алесь Лютыч пайшоў спяваць у натоўп.