Атрымаць шэнген будзе яшчэ складаней? Колькі трэба грошай, каб з'ездзіць у ЕС

Парады ад візавых кансультантаў

Парады ад візавых кансультантаў

Раніца ў чатах беларусаў, дзе абмяркоўваюць візавыя пытанні, пачалася з панікі. Людзі пішуць, што цяпер у амбасаду Германіі трэба будзе падаць не проста выпіску пра наяўнасць грошай на рахунку. Спатрэбяцца дакументы, якія пацвярджаюць, што грошы былі на вашым рахунку апошнія паўгода.

Насамрэч нічога новага ў гэтым няма, кажа Анастасія Лысакоўская, галоўная рэдактарка праекта visaflow.live.

"Выпіска заўсёды была важным дакументам для падачы на шэнген любой краіны. Проста нейкія краіны патрабуюць толькі даведку пра валідны астатак на рахунку, а іншыя хочуць, каб вы паказалі рух сродкаў па рахунку за апошнія 3-6 месяцаў", — кажа Анастасія.

Што гэта значыць для звычайнага турыста? Не атрымаецца проста пакласці назапашаныя грошы на карту незадоўга да падачы на візу. Консулу трэба паказаць, што ў вас ёсць стабільная зарплата, якую вы стабільна атрымліваеце і гэтак жа стабільна траціце.

"Самыя строгія краіны цяпер — Іспанія, Грэцыя, Германія, Венгрыя. Яны просяць арыгіналы выпісак з рухам па рахунку за 3-6 месяцаў", — кажа Анастасія.

Асаблівыя патрабаванні ёсць і ў Італіі. Калі вы ўжо атрымлівалі італьянскую візу і падаяцеся паўторна, у вас наогул могуць папрасіць даказаць, што вы ўжо бывалі ў краіне і расплачваліся там карткай.

А колькі грошай наогул трэба мець на рахунку, каб павысіць шанцы на атрыманне візы? Візавыя кансультанты раяць мець суму, не меншую за 2 тыс. еўра. А калі, да прыкладу, вы робіце візу ў Іспанію, хай на рахунку ляжыць 3-4 тыс. еўра, раяць эксперты visaflow.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі