Вы тут

Арцём Лук'яненка з NAVIBAND пастрыгся нагала ў знак падтрымкі палітвязняў

Арцём Лук'яненка з NAVIBAND / фэйсбук

Арцём Лук'яненка з NAVIBAND адсвяткуе Новы год без сваёй раскошнай шавялюры. Гітарыст апублікаваў відэа, дзе стрыжэцца нагала ў знак падтрымкі палітвязняў. 

Запіс зроблены ў Польшы: апошнія месяцы гурт праводзіць там шмат часу. Некаторыя прыхільнікі пачалі задумвацца, а ці не эмігравалі музыкі? 

Арцём Лук'яненка: Я пагаліў галаву па некалькіх прычынах. Па-першае, год быў зусім нечаканы для ўсіх нас, таму так нечакана нават для самога сябе я яго вырашыў скончыць. Па-другое, гэта знак падтрымкі палітвязняў. Вельмі балюча ўсведамляць, колькі крутых людзей зараз за кратамі і не змогуць сустрэць святы са сваімі блізкімі. Раней я жартаваў, што пагалю галаву, як толькі збяром “Мінск-Арэну”, і гэта будзе часткай шоу. Але зараз іншы час і ў мяне з’явілася нейкая ўнутраная патрэба выказаць сваю пазіцыю. Калі стрыгся, адчуваў спакой і неяк унутры быў упэўнены, што раблю правільна. Ні разу не пашкадаваў, больш Ксюша хвалявалася [Ксенія Жук — салістка NAVIBAND]

Еўрарадыё: Уяўляеш сабе флэшмоб: усе раптам пачынаюць стрыгчыся нагала ў знак пратэсту? 

Арцём Лук'яненка: Нават не ведаю. Я, напэўна, не адчуваю, што трэба запускаць такі флэшмоб. Калі хто хоча далучыцца, калі ласка. Але заклікаць нікога не будзем. Гэта маё асабістае выказванне. А ўвогуле, акцыі і флэшмобы — гэта важна. Часам толькі так можна да каго-небудзь дагрукацца, падтрымаць адно аднаго неяк маральна. Словы словамі, але ўчынкі — тое, што павінна быць на першым месцы.

Еўрарадыё: Якія ў цябе ўражанні ад 2020-га?

Арцём Лук'яненка: У краіне адбываецца страшная гісторыя, зусім не звязаная са свабодай, са свабодай слова, з нармальным жыццём. У такім стане гэта доўга не зможа адбывацца. Хвалюе, што няма ніякіх законаў, што, калі трэба, абавязкова знойдуць падставу, каб чалавека пасадзіць і трымаць за кратамі. Думак шмат… Той Беларусі, якая была, ужо няма. Але, напэўна, гэта і да лепшага — паглядзіце, колькі людзей на баку святла. Год быў складаны, але шмат чаму нас навучыў, і мы павінны быць удзячны яму за ўсё тое, што адбылося з намі. Мы ніколі ўжо не зменімся. Мы — гэта беларусы, і ад гэтай думкі сэрца вельмі радуецца.  

Еўрарадыё: Кажуць, што пратэст здзімаецца… 

Арцём Лук'яненка: Мне вельмі падабаецца беларускі пратэст, таму што ўсе нашыя лозунгі — не разбуральныя, а наадварот. Нават сама фраза “Жыве Беларусь!” стваральная. Гэта вельмі важна для мяне. Людзі ішлі з кветкамі, з мірным пасылам, але ўсіх падманулі, кагосьці пабілі і працягваюць рабіць выгляд, што зараз усё добра і засталося толькі некалькі пратэстоўцаў. Але гэта не так. Мне здаецца, што вялікіх маршаў цяпер няма проста праз тое, што святы, кавід, нейкія іншыя прычыны. Але вядома, што не толькі маршамі можна паказваць, што нас вельмі шмат.

Еўрарадыё: Ці былі нейкія гісторыі, якія асабліва кранулі сёлета?

Арцём Лук'яненка: Гісторый шмат. Адна з апошніх: мы рабілі канцэрты ў Польшы, і амаль на кожны з іх прыходзілі людзі, у якіх засталіся траўмы пасля жнівеньскіх падзей. Яны пацярпелі ад святлошумавых гранат або ад гумовых куль, на іх заведзеныя крымінальныя справы. Людзі сем’ямі вымушаны ўцякаць, пакідаючы сваё жыццё ў Беларусі. Яны не ведаюць, што рабіць цяпер. Вочы гэтых людзей вельмі разгубленыя. Але… шмат але.

Еўрарадыё: Сярод пратэстоўцаў ёсць рознае стаўленне да эмігрантаў…

Арцём Лук'яненка: Усе беларускія эмігранты, мне здаецца, не да канца шчаслівыя. Кажу пра большую частку, таму што яны ўсё роўна ўвесь час звяртаюцца да Беларусі, да сваіх блізкіх. Гэтыя людзі вельмі сумуюць, перажываюць вялікія крызісы. Можна некалькі месяцаў ездзіць, жыць у розных краінах, але такі я чалавек: мне важна браць сілу з таго месца, дзе я нарадзіўся. І гэтае месца, дзе жыве твая сям’я, самае моцнае. Я адчуваю і разумею гэтую мову гэтых людзей, таму мая пазіцыя такая.

Еўрарадыё: А што зараз за мяжой робіць NAVIBAND?  

Арцём Лук'яненка: Мы не імігравалі ў Польшу. Мы прыехалі сюды ладзіць канцэрты. Было шмат планаў, мы паездзілі, пасля засталіся. Працягваем актыўна запісваць відэа, рабіць крокі для таго, каб падтрымліваць пратэсты і нашых людзей, для нас гэта вельмі важна. У хуткім часе плануем вярнуцца ў Беларусь. Ніякім чынам не збіраемся жыць у Польшы. Наша мара — гэта жыць у Мінску, у Беларусі, спяваць для сваіх слухачоў на сольных канцэртах, вялікіх буйных фестывалях і ездзіць па ўсім свеце з канцэртамі, расказваючы, як тут у нас. Так і будзе.

NAVIBAND / фэйсбук

Еўрарадыё: Як думаеш, што зменіцца ў новым годзе?

Арцём Лук'яненка: Загадваць немагчыма, бо кожны дзень прыносіць розныя навіны. Яны бываюць вельмі нечаканымі. Я хацеў бы, каб у 2021-м мы жылі ўжо ў свабоднай Беларусі, каб бандыты, якія зараз у нашай краіне ствараюць гэтую жэсць, атрымалі па сваіх заслугах, па законе. Гэта вельмі важна. Не разумею, як людзей культуры — такіх крэатыўных, такіх прыгожых, якія рэальна рабілі нешта для сваёй краіны, можна так катаваць і даваць узнагароды тым, хто, на мой погляд, напрыклад, да духоўнага адраджэння не мае ніякага дачынення. 

Еўрарадыё: Некалькі пажаданняў напрыканцы.

Арцём Лук'яненка: Беларусы, мы сталі вельмі моцнымі, вельмі разумнымі і сталай нацыяй за гэты кароткі перыяд. Мы вельмі ганарымся тым, што адбываецца, адчуваем самі, што змяніліся. І ад гэтага адчуваем вялікае шчасце. Няхай усё будзе добра, няхай усе будуць здаровыя і нам хапае сілаў і цярпення пераадолець усё гэта і прыйсці да перамогі.

З Новым годам і жыве Беларусь!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.