Вы тут

Алексіевіч: беларусы жывуць паміж дзвюма небяспекамі

Святлана Алексіевіч / З архіву Reuters

Пісьменніца, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю нямецкай газеце Süddeutsche Zeitung анансавала кнігу аб падзеях у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яна не толькі сустракаецца з людзьмі і запісвае іх аповеды, але і атрымлівае па пошце іх успаміны.

Алексіевіч сказала нямецкім журналістам, што, на яе погляд, беларусы жывуць "паміж дзвюма небяспекамі — Лукашэнкам і Расіяй". "Мы хочам стварыць незалежную квітнеючую краіну, — працягвае беларуская пісьменніца. — Але як? Я пісьменніца, не палітык, у маёй кнізе я шукаю адказ на гэтае пытанне".

Святлана Алексіевіч разважае пра беларускія пратэсты і падкрэслівае іх мірны характар, называе "своеасаблівай негвалтоўнай рэвалюцыяй". "Мы хацелі гэтага [перамогі] дамагчыся без праліцця крыві, — кажа пісьменніца. — Гэта быў ідэалістычны план".

"Я была ўражаная тым, як хутка зноў запрацавала сталінская машына", — прызналася яна.

Алексіевіч з верасня 2020-га жыве ў Германіі. У Беларусі яна праходзіць па крымінальнай справе Каардынацыйнай рады (пісьменніца ўваходзіць у яе склад), яна хадзіла ў Мінску на допыт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.