Афрыканская чума свіней з'явілася і ў Глыбоцкім раёне

Як паведамілі жыхары вёскі Хралы Глыбоцкага раёна, непадалёк ад вёскі Гразі быў забіты дзік. Калі правялі аналіз яго мяса ў лабараторыі, то ў ім быў выяўлены вірус АЧС. З гэтай нагоды ўлады загадалі ўсім жыхарам навакольных вёсак выразаць усіх свіней да вечара суботы.





Вось што распавяла адна з жыхарак вёскі Хралы:





"З гэтай нагоды вёскі Хралы, Івесь, Завулак, Шо, гэта што я ведаю, 4 вёскі, выразаюць усё пагалоўе свіней, нам сказалі да сённяшняга абеда. Гэта ветурач праехаў і ўсіх папярэдзіў".





На просьбу жыхароў паказаць пастанову, ветурач сказаў, што яна ёсць у сельсавеце. Як распавядае жыхарка Хралоў, яна не паленавалася з’ездзіць у цэнтр сельсавета ў Псую. Але і там пастановы не было, ёсць толькі вусны загад.

 



Жыхарка вёскі Хралы: "У выніку гутаркі высветлілася, што ніякіх дакументаў вам не будзе, не дурыце, людзі, галаву, забівайце свіней, інакш заўтра ў вас іх забяруць".





Як паведаміў іншы жыхар вёскі, зараз па ўсёй вёсцы чуваць крыкі свіней і шум паяльных лямпаў. “А што зробіш, не заб’еш, то забяруць, і нічога мы не зробім,” — кажуць вяскоўцы.





Тым часам свінатаварны комплекс “Маліноўшчына” на Глыбоччыне, які належыць ААТ “Канстанцінаў Двор”, дадаткова абгароджваюць сеткай-рабіцай. Гэты плот размешчаны непадалёк ад асноўнага жалезабетоннага плота, і павінен ахоўваць комплекс ад дзікоў (гл. фота).

 

Навукоўцы прапануюць знішчыць у Беларусі ўсіх дзікоў