Аднагодка ўлады Лукашэнкі: маё пакаленне не апалітычнае, проста не жадае сядзець

Аднагодка ўлады Лукашэнкі: маё пакаленне не апалітычнае, проста не жадае сядзець

20 ліпеня 1994 года адбылася першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. У гэты ж дзень у Беларусі нарадзіліся тысячы дзяцей, якім сёння споўнілася 23 гады. Яны ўжо паўналетнія, у многіх свае сем’і, дзеці. Яны ўжо скончылі ВНУ і ўладкаваліся на працу. Некаторыя паспелі з’ехаць за мяжу і нават змяніць грамадзянства. Нязменным застаўся толькі кіраўнік Беларусі.

Еўрарадыё вырашыла паразмаўляць аднагодкамі праўлення Аляксандра Лукашэнкі, каб даведацца іх стаўленне да сітуацыі ў краіне, бачанне яе будучыні і ўяўленні пра тое, якой мусіць быць новая ўлада Беларусі, калі яна патрэбна. Сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак, якія пазначылі месцам жыхарства Мінск і паставілі датай нараджэння 20 ліпеня 1994 года, знайшлося амаль 200 чалавек. Мы прапанавалі сустрэцца большасці з іх, але пагадзілася толькі 7. Пераважная большасць на наша запрашэнне сустрэцца адказвалі “Нас усё задавальняе”, аздабляючы кожны такі допіс некалькімі смайлікамі, маўляў, “ну вы ж самі ўсё разумееце”. Спробы пераканаць завяршаліся: “Мяне гэта не цікавіць, але дзякуй за запрашэнне!” і гэтак далей. Але самае цікавае пачался ў дзень сустрэы, калі ад раніцы чацвёра з семярых напісалі нам, што ўсё ж не прыйдуць. “Я тут паразважала”, “Мяне ўсё ж адгаварыў мой жаніх”, “Бацькі параілі не сустракацца”, "Добрая ідэя, каб вы былі радыё з дзяржаўнай падтрымкай, то можна было б паўдзельнічаць"…

Заставаліся тры чалавекі. Таксама варыянт. Але на саму сустрэчу… прыехаў толькі адзін хлопец. Як высветлілася, ён сябра партыі БНФ, таму незаангажаванаа дыялогу не атрымалася. Але нават адзін аднагодка кіравання Лукашэнкі варты ўвагі і публікацыі, бо ён адзіны не пабаяўся і прыйшоў на размову з больш, чым ста чалавек!

Ягор Сергіенка скончыў Дзяржаўны горна-хімічны каледж, а цяпер завочна атрымлівае эканамічную адукацыю. Цяпер жыве асобна ад бацькоў, здымае кватэру ў Мінску. Працуе мантажнікам, заробак атрымлівае ў залежнасці ад таго, колькі зрабіў. Лічыць, што ў яго жыцці ўсё атрымліваецца нармальна, але дапускае, што магло бы быць і лепей.  Ягор паважае беларускую мову і любіць на ёй размаўляць, але робіць гэта толькі з беларускмоўнымі сябрамі, бо ў іншых выпадках часта сутыкаецца з неразуменнем.

Калі б быў прэзідэнтам Беларусі:

У нашай краіне існуюць такія рэчы, як карупцыя і немэтавае выкарыстанне сродкаў дзяржаўнага бюджэту. На мой погляд трэба развіваць тыя галіны, якія рэальна прыносяць прыбытак. А не рабіць мадэрнізацыю старых прадпрыемстваў, пасля якой нічога ўсё роўна не атрымліваецца. У нас вялікія праблемы са свабодай слова, свабодай сходаў і гэтак далей. То бок, па законе ты можаш нешта рабіць, але па факце – не! З той жа міліцыяй. Ёсць шмат законаў, якія абмяжоўваюць правы міліцыянта, але па факце яны нічым не абмежаваныя. 

Пра прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі:

Калі б першая перадвыбарчая праграма Аляксандра Лукашэнка была не вельмі, то наўрадці яго б выбралі. Першыя ж выбары былі легітымныя. І большасць сараўды была за яго. А значыць праграма была нармальная. То бок, праблемы з бандытамі ў 90-х у нас неяк вырашылі і лепш, чым у той жа Расіі. Але астатняе…

Пра аднагодак:

Сярод аднагодак хапае тых, хто спадзяецца з’ехаць за мяжу. Нават брат мой збіраецца ехаць у Нарвегію, там у яго ўжо ёсць знаёмыя. Таму тое, што адбываецца ў краіне, ўспрымаецца даволі негатыўна. Усім не падабаецца, калі душаць людзей, калі такі нізкі ўзровень жыцця. Нават, калі я пажадаю выйсці на мітынг, няхай ён будзе абсалютна не палітычны, то, хутчэй за ўсё, мяне затрымаюць і пасадзяць на Акрэсціна.

Чаму ўсе адмовіліся пагутарыць з Еўрарадыё? Пасля апошніх мітынгаў і жорсткага хапуна падчас іх пабойваюцца выступаць нават на не самыя палітычныя тэмы. Маўляў, навошта яно трэба!? Яшчэ пасля размовы недзе ў КДБ паставяць птушачку насупраць прозвішча… Не хачу сказаць, што маё пакаленне палахлівае, але мала каму хочацца пасядзець у турме, ці атрымаць штраф 500 долараў… Рэальна страшнага ў тым, што даеш інтэрв’ю журналістам, няма. Але ствараецца такая атмасфера страху, і гэта моцна ўплывае на людзей.

Не магу сказаць, што маё пакаленне апалітычнае. Палітыкай цікавяцца. Амаль усе размовы на любую тэму, на сяброўскіх сустрэчах, падас адпачынку, рана ці позна сыходзяць у абмеркаванне палітычных і эканамічных пытанняў. Палітыка ў любым выпадку пранізвае ўсё грамадства, таму не закранаць яе ў размовах немагчыма. Асабліва, калі гэта размовы пра жыццё.

Пра замену Лукашэнкі:

Ну, па-першае, лепей не стане, пакуль не паспрабуеш штосьці іншае. Усё пазнаецца ў параўнанні. Па-другое, большая частка жыхароў нашай краіны, мне падаецца, жадае паглядзець на кагосьці іншага. Шмат маіх знаёмых, якім ужо за 30 гадоў, не ходзяць на выбары, бо не бачаць у гэтым сэнсу.

На мінулых выбарах я галасаваў супраць усіх. Нікому свой голас не аддаў, і маё сумленне чыстае.

Я перакананы, што ёсць даволі шмат людзей, якія прынеслі б карысць, калі б сталі прэзідэнтам. Але, калі яны будуць знаходзіцца на пасадзе больш за прыняты тэрмін, то ўсё звядзецца да таго ж самага.

Але ў нас, калі з’яўляецца дзеяч, які можа стаць альтэрнатывай уладзе, то ён вельмі хутка знікае. Да прыкладу, Статкевіч. Калісьці за ім сапраўды пайшлі б людзі, але цяпер…  мала хто яму цяпер верыць.

Чаму так мала моладзі сярод кандыдатаў? Прасцей жа вылучацца на выбары ад нейкай партыі. А мне падаецца, што ў моладзі проста не атрымліваецца быць дастаткова пераканаўчамі, каб іх падтрымалі больш сталыя калегі па партыі.

Я планаваў сёлета балатавацца ў мясцовыя саветы, але не атрымалася, бо мушу пражыць у месцы, адкуль вылучаюся, 5 гадоў. У родным Салігорску я ўжо не жыву, а ў Мінску яшчэ не пражыў 5 гадоў.

Пра бацькоў:

Мае бацькі ў 23 гады былі такія ж. У 90-х удзельнічалі ў акцыях пратэстаў. Памятаеце, калі супрацоўнікі БелКалія выходзілі тры ці чатыры разы? Па-мойму, і дзядуля мой тады хадзіў. Але я не пытаўся, за каго яны галасавалі ў 1994 годзе. Нават, калі б даведаўся, што галасавалі “за”, не крыўдзіўся б. На той момант ён быў сапраўды добра кандыдат. Але скажу, што цяпер мае бацькі далёка не за Лукашэнку.

Пра Украіну, дзе за гэты ж час змянілася 5 прэзідэнтаў:

Складана сказаць, дзе лепш. Але ва Украіне не так усё дрэнна, як гавораць па тэлебачанні. І ў прынцыпе інфляцыя ва Украіне падчас вайны меншая за нашу. Цэннік там ніжэйшы за наш. Што праўда, і заробак ніжэйшы. Так што можна сказаць, што ўзровень жыцця ў нас прыкладна аднолькавы. Але ў нас вайны няма і не было, а ў іх ёсць.

Пра будучыню:

Пра будучыню краіны складана казаць, бо гэта залежыць не ад мяне. Спадзяюся, што змены будуць у лепшы бок, але пакуль тэндэнцыя да пагаршэння сітуацыі, ва ўсялякім выпадку ў эканамічным плане.

Мая будучыня, натуральна, часткова звязаная і з будучыняй краіны. Таму і тут я спадзяюся на тое, што буду рухацца да лепшага. Але тут варта адзначыць, што ў мяне здзельная аплата. Калі б я працаваў па тарыфе, то атрымліваў бы толькі 300-400 рублёў. Але я атрымліваю столькі, колькі зрабіў, і мне гэтага хапае. Што праўда, калі не будзе грошай у краіне, то не будзе замоваў, і я застануся ні з чым.

Пра палітычную дзейнасць:

Цяпер збіраем подпісы за тое, каб вярнуць ільготы на праезд студэнтаў у грамадскім транспарце. Хочам сабраць 100 тысяч подпісаў. Магчыма, гэта неяк дапаможа вярнуць ільготы. Бо рэальна ў студэнтаў нямала грошай сыходзіць на праезд, а не ўсе бацькі могуць дазволіць сабе даваць дзецям на жыццё вялікія сумы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі