Ад пачатку года знешні дзяржаўны доўг Беларусі вырас на 2 млрд долараў
Дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 верасня 2017 года склаў 39,6 млрд рублёў. У параўнанні з пачаткам года ён вырас на 2,7 млрд рублёў, або на 7,2%, паведамляе Міністэрства фінансаў.
Знешні дзяржаўны доўг (з улікам курсавых розніцаў) да 1 верасня вырас на 2 млрд долараў ЗША (14,7%) і склаў 15,7 млрд долараў ЗША.
У студзені-жніўні гэтага года Беларусь атрымала наступныя дзяржаўныя пазыкі на суму 2,656 млрд долараў. У гэтую суму ўвайшлі еўрааблігацыі на 1400 млн долараў ЗША, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця даў 600 млн долараў ЗША, урад і банкі Расіі — 353,1 млн долараў ЗША, банкі Кітая — 190,4 млн долараў ЗША, МБРР — 108,7 млн долараў ЗША, ЕБРР і СІБ — 3,6 млн долараў ЗША.
На пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусь выдаткавала сёлета 697,8 млн долараў ЗША.
Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 верасня склаў 9,3 млрд рублёў. З улікам курсавых розніцаў ён паменшыўся ад пачатку года на 0,9 млрд рублёў, або на 8,7%.