Абнуліць і будаваць наноў. Афіцэр — аб дзедаўшчыне, суіцыдах і адтэрміноўках

Reuters, Васіль Федасенка
Reuters, Васіль Федасенка

Восеньскі прызыў 2019 года праходзіць у Беларусі нервова. Па прынятым нядаўна "законе аб адтэрміноўках" на тэрміновую службу могуць трапіць хлопцы, якія гэтай восенню збіраліся ў ВНУ і магістратуру, але ніяк не ў войска. Ці зменіць ён што-небудзь, акрамя колькасці прызыўнікоў? І што чакае ў часцях выпускнікоў каледжаў і ўніверсітэтаў, якім па ініцыятыве прызыўных камісій прыйдзецца адкласці працяг адукацыі?

Пра гэта, а яшчэ пра прэстыж тэрміновай службы, пра карысць і шкоду армейскага статута, самагубствы, кантрактнікаў і пра дзедаўшчыну, якую ўжо не перамагчы татальным кантролем, затое можна звесці на нішто ноўтбукамі і смартфонамі, Еўрарадыё паразмаўляла з кадравым афіцэрам, які амаль 20 гадоў аддаў службе ў войску. Ён папрасіў не называць сваё імя, таму мы публікуем гэтае інтэрв'ю на ўмовах ананімнасці.

Еўрарадыё: Ёсць папулярнае меркаванне, што тэрміновая служба састарэла, а ў беларускім войску трэба пакінуць толькі кантрактнікаў. Што думаеце наконт гэтага?

— Тэрміновая служба — гэта масавая падрыхтоўка ваенна-абучанага рэзерву. Я лічу яе неабходнай. Гэта першае. Другое. Напрыклад, пераводзім усіх на кантракт. Хто прыйдзе на гэты кантракт? Па сутнасці, тыя ж самыя. Не лепшая моладзь. Чаму? Ды ад безвыходнасці. Цяпер час такі, што калі ты хваткі і актыўны, то ўжо са школы можаш сябе забяспечваць, праз пару гадоў заводзіць сям'ю і гэтак далей. А для тых, хто прасцейшы, войска — гэта трамплін. У калгасе 300 рублёў плацяць, а тут, умоўна, будуць 600 плаціць.

Мне здаецца, ідэя кантрактнай службы ў беларускім войску ўтапічная. Тым больш ідэя з дапамогай пераводу на кантракт вырашыць праблему дзедаўшчыны. Цяпер прыходзяць на тэрміновую службу людзі з розніцай у 2-3 гады, і яны выбудоўваюць паміж сабой пэўную іерархію. А што будзе, калі розніца паміж людзьмі будзе 5-10 гадоў і больш? Умоўна кажучы, па гарэлку ж палкоўнік не пабяжыць — пабяжыць лейтэнант.

Трэба пералапачваць саму сістэму. Войска зацюквае. Я жыву ў ваенным доме, выходжу пакурыць. І стаяць астатнія, абмяркоўваюць свае ваенныя праблемы. Мала таго што людзі амаль пастаянна знаходзяцца на службе, дык яшчэ і дома думаюць пра службу. У цябе ў прынцыпе няма асабістага часу. Паспрабуй ты не падымі трубку ці не з'явіся на службу па выкліку! У ідэальных умовах трэба абнуліць усё, пакінуць статут і будаваць наноў. Пытанне толькі ў тым, каму і як будаваць.

Еўрарадыё: А вам не здаецца, што статут састарэў?

— Я статут як дакумент паважаю. Вядома, у ім ёсць нюансы. Напрыклад, у абавязках салдат тэрміновай службы ёсць такое: "Пры неабходнасці адлучыцца ў межах вайсковай часці спытаць дазволу ў камандзіра аддзялення". Але гэта разумнае абмежаванне, хоць і гучыць дзіка для цывільнага чалавека, таму што камандзір павінен ведаць, дзе знаходзяцца і што робяць яго падначаленыя. У салдат ёсць байкі пра падшыванне каўнерыка паводле статута, тыпу, не дай бог шывок будзе большы за два сантыметры. Але на самай справе нічога гэтага няма. Гэта проста байкі, якія ўкараняюцца ў перапуджаны армейскім парадкам мозг.

Обнулить и строить заново. Кадровый военный — о дедовщине, суицидах и отсрочках

Статут — гэта разумная і агульная кніжка. Там няма дзікай канкрэтыкі, там больш прапісаны абавязкі для камандзіраў і начальнікаў усіх узроўняў, чым для салдат. Але менавіта праз жахі пра статут часта насаджаецца дзедаўшчына. Яго ніхто толкам не ведае, і ўсё думаюць, што лепш ідзі вешайся адразу, чым па статуце жыві. І вось у неакрэплы розум, які баіцца статута, заліваюць, што альбо ты будзеш жыць па правілах, альбо па дзедаўшчыне. Першыя паўгода памучаешся, потым стане лягчэй, а потым наогул будзеш атрымліваць асалоду, як дзяды цяпер. І што выбера малады чалавек? Тое, што яму здаецца меншай з дзвюх бед.

У мяне ёсць ідэя аб тым, што ў пачатку тэрміновай службы трэба рабіць кароткую лекцыю для салдат пра тое, што дае статут: як ён цябе абараняе, што ён дазваляе і гэтак далей. Не агульнымі словамі, а на канкрэтных момантах.

Еўрарадыё: Адкуль у войску бярэцца дзедаўшчына?

— Калі я трапіў у войска, у мяне быў разрыў шаблону. Я дзіця асфальту, вырас у горадзе, у коле інтэлігентных людзей. А ў войску сутыкнуўся з сельскімі хлопцамі, 60-70 % з нашага прызыву былі з вёсак. Сельскія не ў дрэнным сэнсе слова, але з іх некаторыя былі настолькі дрымучыя! І ў той час рассаднікам найбольш жорсткай дзедаўшчыны былі якраз яны.

Еўрарадыё: А цяпер?

— Магчыма, таксама. Шмат што залежыць ад маральнага аблічча і каштоўнасцяў канкрэтнага чалавека. Раскажу такую ​​гісторыю. Я тады служыў у іншым горадзе, у вялікім батальёне. І быў прызыў, калі траціна вайскоўцаў тэрміновай службы былі з вышэйшай адукацыяй. Мы папрызначалі салдат з вышэйшай адукацыяй на сяржанцкія пасады. І што атрымалася? Яны, пры падтрымцы астатніх таварышаў па службе з вышэйшай адукацыяй, на час сваёй службы ўсю гэтую сістэму салдацкай дурасці паламалі, дзедаўшчыны не было. Гэта да слова аб тым, што лепшыя прадстаўнікі нашага грамадства ў войска не ідуць.

Еўрарадыё: Чаму не ідуць?

— Гэта ўжо праблема войска, якое ў сучаснага маладога чалавека адбірае ўсе плюшкі, усё прагрэсіўнае і нічога істотнага не дае ўзамен. Вось якія рэальныя плюсы ад войска, акрамя невідавочных ільгот пры паступленні? Напэўна, ніякіх. Дык навошта туды ісці?

Для маладога чалавека цяпер інтэрнэт — палова жыцця. Я ўжо не малады, але ў мяне самога інтэрнэт шмат часу адымае. Але пры гэтым у нас ужо гады 3-4 нельга ў часцях карыстацца смартфонамі, у Расіі таксама цяпер гэта ўводзяць. А ў ВМФ Канады з-за таго, што моладзь не хоча ісці служыць, у часцях і нават на караблях дазволілі карыстацца Wi-Fi.

Еўрарадыё: Пасля войска можна не адпрацоўваць размеркаванне.

— Вось, дарэчы, з гэтай нагоды часцяком прыходзяць і афіцэры запасу, і салдаты тэрміновай службы. Гэта атрымліваецца плюс за кошт мінуса!

Калі яшчэ не было забароны на карыстанне асабістымі ноўтбукамі, да нас прыехалі на стажыроўку курсанты. Жылі яны ў размяшчэнні нашага батальёна, чалавек дзесяць. У выхадны дзень яны ў пакоі вольнага часу падключылі па сетцы нейкую гульню, сядзелі паўдня, гулялі. І нічога ім больш не трэба было! Чым не спосаб прафілактыкі негатыву?

Раней найбольш актуальным парушэннем, у тым ліку сярод салдат тэрміновай службы, было п'янства. Потым з'явіліся тэлефоны. Памятаю, праходжу міма днявальнага, і яму салдат кажа: "Слухай, разбудзіш мяне ў тры гадзіны ночы, мне замак пабудаваць трэба будзе". А калі гэта ўсё ў пазітыўнае рэчышча накіраваць?

Еўрарадыё: ноўтбукамі і смартфонамі перамагчы дзедаўшчыну?

— Мне здаецца, дзедаўшчына можа быць выклікана ў тым ліку і незанятасцю. Зараз салдат у вольны час мае тэлевізар з 5-7 каналамі (і добра, калі па чыёйсьці ініцыятыве правялі кабельнае), DVD-прайгравальнік, падшыўку газет, радыё, шахматы і гітару. Ну, іх водзяць на нейкія спартовыя мерапрыемствы і ў кіно. Але што гэта для чалавека, які прывык у пару клікаў атрымліваць усё, што яму трэба? Хоць ты камп'ютарныя клубы ў часці адкрывай! Я ўпэўнены, што 30 % парушэнняў скосіць у момант, таму што людзі будуць занятыя іншым.

Думаю, што аднымі пакараннямі дзедаўшчыну не перамагчы. Салдат жыве ў часці год-паўтара і на дадзеным этапе гэта яго жыццё, а для астатніх — праца, таму ён у любым выпадку знойдзе час і магчымасць ажыццявіць задуманае. У афіцэра, які б ён ні быў адказны, усё роўна ёсць свае клопаты. Адзін дзяжурны усё адно за ўсімі не ўсочыць. Камеры? Ну тады трэба так, каб кутка схаванага не засталося. Але гэта ж які рэсурс трэба задзейнічаць! Усёабдымным кантролем, мне здаецца, змагацца з дзедаўшчынай бескарысна. Кантролю хапае, яго рэсурс ужо вычарпаны.

Еўрарадыё: У апошні час войска становіцца больш адкрытым. Але яшчэ год-два таму інфармацыя аб здарэннях у часцях рэдка паведамлялася афіцыйна. Чаму так было?

— Калі [Леанід] Мальцаў другі раз стаў міністрам абароны [у 2001 годзе. — Еўрарадыё], ён задумаў рэформу. Мысліў ён нестандартна, тады Узброеныя Сілы памяняліся радыкальна і была закладзена ідэя аб тым, каб перастаць караць начальнікаў за правіны падначаленых. Натуральна, людзі гэта ўспрынялі на "ўра". Бардаку хапала, але з усім змагаліся, нічога не хавалі, пра ўсё дакладвалі, прымалі меры і гэтак далей. Гадоў пяць усё было нармальна. А потым добрыя намеры ўперліся ў жаданне зрабіць добрую статыстыку.

Вось ёсць пералік грубых дысцыплінарных праступкаў: п'янка, парушэнне правілаў нясення службы і да таго падобнае. Гэта ўсё выяўлялася, каралася. А потым статыстыку сталі паляпшаць, у тым ліку сумнеўнымі мерамі. Да праступкаў пачалі падыходзіць больш лаяльна: маўляў, ну тут не тое каб праступак, тут даруем, тут вочы закрыем, наверх падаваць не будзем. А ў выніку што? Войска вось гэтым пастаянным ростам загнала сябе "ў нулі".

Еўрарадыё: Што гэта значыць?

— Грубы дысцыплінарны праступак, хоць ён так і называецца, гэта не надта вялікае парушэнне. Напрыклад, заснуў днявальны на пасту. Гэта фізіялогія, такія парушэнні будуць. Прыйшоў правяраючы, злавіў салдата, які спіць. Рабіць з гэтага трагедыю не трэба, але цяпер такія праступкі наогул перасталі падавацца ў статыстыку. Цяпер у нас у большасці часцей праступкаў няма, злачынстваў таксама асабліва няма. Далажыць пра штосьці наверх ужо ніхто не можа, бо гэта адразу сапсуе статыстыку! А ўявіце, колькі фільтраў ад камандзіра часці да міністра абароны? І кожны перажывае за сваю будучыню! Таму сітуацыя патавая. Усе камандзіры, прынамсі на месцах, ведаюць рэальнае становішча спраў, але не могуць пра яго далажыць.

Мне так смешна ў апошнія некалькі гадоў глядзець нашы ваенныя зводкі! Атрымліваецца, у нас грубых праступкаў няма, а злачынствы здзяйсняюцца. Напрыклад, у вайсковай часці за год здзейснены адзін грубы дысцыплінарны праступак і чатыры злачынствы. Але так не бывае! Злачынства — гэта ўжо канкрэтнае грамадска небяспечнае дзеянне. А праступак — ён драбнейшы, ён на тое і праступак, што здараецца часцей.

Еўрарадыё: Чаму ў войску столькі суіцыдаў?

— Калі я пачынаў служыць, у пачатку 2000-х, у войску было 12-17 выпадкаў суіцыду ў год. Цяпер да пяці. Гэта значыць, дынаміка станоўчая.

Большая частка суіцыдаў мае фінансавыя і асабістыя прычыны. Вядома, ёсць нейкі службовы гвалт. Наўскідку скажу, што гэта кожны пяты. Чатыры — гэта фінансы і сям'я.

Дзедаўшчына цяпер праяўляецца ў іншым. Калісьці салдат атрымліваў грашовае забеспячэнне, якога, умоўна, хапала на два пачкі цыгарэт і два пірожныя. Тады ўся дзедаўшчына ішла ў гвалт. Грошай узяць не было дзе і не было з каго. А цяпер яна пайшла ў грашовую сферу. Спосабаў процьма: карткі, пераводы, сімкі і гэтак далей. І тут у мяне нават ідэй няма пра тое, якім чынам камандзіры могуць гэта спыніць.

Еўрарадыё: Што трэба змяніць у войску?

— Пачаць трэба са змены падыходаў да дысцыплінарнай статыстыкі. Пакуль камандзір будзе баяцца падаваць парушэнні вышэй, нічога не зменіцца. Камандзір не баязлівец. Проста гэта ўдарыць па грашах, па службовых перспектывах, апасродкавана — па дабрабыце яго сям'і. Навошта ўсім гэтым рызыкаваць у мірны час? Яму трэба даць магчымасць бязбольна для сябе выкрываць негатыў, дакладваць пра яго, прымаць законныя меры.

Обнулить и строить заново. Кадровый военный — о дедовщине, суицидах и отсрочках

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі