80-гадовага вяскоўца асудзілі на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Як паведамляе БелаПАН, раніцай 21 лістапада 2013 года ў дом да 80-гадовага пенсіянера прыйшлі два аднавяскоўцы — 77-гадовая жанчына і 80-гадовы мужчына. Разам яны выпілі бутэльку гарэлкі.





З паказанняў жанчыны вынікае, што 80-гадовы гаспадар дома намякаў ёй на блізкія адносіны. І калі пенсіянерка стала сыходзіць, стаў яе біць па галаве металічнай палкай і металічнай качаргой. Акрываўленую пацярпелую на вуліцы ўбачылі аднавяскоўцы. Яны звярнуліся да медыкаў, і пенсіянерку, якая атрымала не менш за восем удараў, даставілі ў лякарню.





Калі ўчастковы інспектар міліцыі прыйшоў у дом да пенсіянера, то пабачыў там збітага 80-гадовага госця. Гаспадар дома нанёс яму металічнай качаргой і сякерай 18 удараў па розных частках цела. Праз сем дзён пацярпелы ад атрыманых траўмаў памёр у бальніцы.





5 чэрвеня пенсіянера прысудзілі да 16 гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за забойства з асаблівай жорсткасцю заведама састарэлага і наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула кароткачасовы разлад здароўя.





Таксама з абвінавачанага спагналі ў выглядзе кампенсацыі маральнай шкоды на карысць двух сваякоў загінулага па 30 млн рублёў кожнаму.





Пенсіянер сваёй віны не прызнаў.





Фота — amurmedia.ru