Вы тут

47 скачкоў і боль аб Чачні: што распавёў нам дэсантнік у цэнтры Мінска

Юрый Якутчык / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

"Я чакаю аднаго сябра. Пойдзем на Востраў слёз, каб ушанаваць памяць загінулых у Чачні сяброў. Нават не сяброў, а братоў, таму што дэсантнікі — гэта братэрства ", — кажа Юрый Якутчык, сталы мужчына ў цяльняшцы, якога мы сустракаем у цэнтры Мінска. Хоць на рахунку Якутчыка 47 скачкоў з парашутам, ён зусім не падобны да напаўголых дэсантнікаў, якія кожны год вывальваюцца 2-га жніўня з фантанаў з крыкамі "За ВДВ!".

Юрый Уладзіміравіч нарадзіўся і жыў у Пружанах. Службу ў войску пачаў на пачатку 1970-х у вучэбнай часткі ў літоўскай вёсцы Гайжунай. Потым яго перавялі ў 76-ю Пскоўскую гвардзейскую дэсантна-штурмавую дывізію. Адтуль у пачатку 1990-х дэсантнікаў адпраўлялі ў Чачню — многія не вярнуліся. Юрый распавядае, што сам у Чачню не трапіў, але страціў на той вайне шмат знаёмых. Ён перакананы, што любая вайна — гэта дрэнна, і "не дай Бог, каб пачалася вайна".

Якутчык успамінае таварышаў па ўзводзе, якіх ў 1968 годзе адправілі на падаўленне "Пражскай вясны" у Чэхаславакію. Ён паказвае на савецкую зорку з сярпом і молатам на берэце і ўздыхае: "Такія ў нас у той час былі кіраўнікі. Гэта не ад нас залежала. Мы падпарадкоўваліся загаду — і ўсё ".

Юрый Уладзіміравіч кажа, што ў савецкі час беларусам даводзілася ўдзельнічаць у ваенных канфліктах, таму што лічылася, што савецкі народ — адзіны.

"Цяпер усё па-іншаму, — усміхаецца ён. — Наогул, у асноўным, у войнах вінаватыя палітыкі. Навошта біцца, баі весці, каб людзі гінулі? Словамі трэба дамаўляцца".