Зміцер Вайцюшкевіч: Я пераўвасобіўся ніжэй няма куды! (фота, відэа)

Месца правядзення прэс-канферэнцыі з нагоды выхаду новага альбома Змітра Вайцюшкевіча Варанок” журналістам паведамляюць за некалькі гадзін да пачатку. Таму падрыхтавацца да несанкцыянаванага паходу ў... лазню паспяваюць адзінкі. Сам спявак сустракае гасцей у белым касцюме, цёмных акулярах і расшпіленай да пупка блакітнай кашулі. На стале — селядзец, шашлык, беларускае піва ды новы альбом беларускага шансону.

“Чарговы раз я пераўвасобіўся! Так бы мовіць, ніжэй няма куды, — з усмешкай пачынае размову Зміцер і прыгадвае гісторыю па дарозе ў лазню. — Мяне спыніла ДАІ бо я размаўляў па тэлефоне. А трэба было зняць слухаўку, бо вырашаліся апошнія арганізацыйныя пытанні гэтай сустрэчы. Ані грошай, ані дыска ў мяне не ўзялі!”

Ідэя запісаць альбом шансону належыць паэту Генадзю Бураўкіну, ён жа і аўтар большасці трэкаў. Толькі адна песня “Ты залаты” напісаная на вершы Уладзіміра Някляева.

“Звычайна кажуць, што шансон мае права спяваць той, хто сядзеў. Я лічу, што маё пакаранне — гэта “чорны спіс”, гэта ўсе тыя дарогі пакутаў творчасці і немагчымасці сустракацца са сваёй аўдыторыяй. Ну, і па-другое, мне было цікава працаваць над не самай простай тэмай. Тэмай, пра якую ўсе ведаюць, але не ўяўляюць, што такое шансон па-беларуску і ўвогуле, што такое беларускі шансон”.

На думку Змітра, альбом зроблены “для аўдыторыі беларусаў, якія ўвогуле не ведаюць, хто яны. Каб людзі, калі заходзяць у гіпермаркет ці запраўляюць машыну, працягвалі руку і да беларускага шансона”.

Першапачаткова планавалася, што “Варанок” будзе мець лірычна-турэмную афарбоўку. Пра гэта сведчыць і папярэдні міні-альбом “Шо-Шо”, дзе Зміцер Вайцюшкевіч узяў сабе псеўданім Хведар Шчавель. Але дыск у выніку атрымліваецца своеасаблівым “аповедам пра 40-50-гадовага чалавека, які "спаліў" сваё жыццё, пражыў яго не так, як хацеў і цяпер не ведае што рабіць далей”.

“Гэта не зусім турма, — працягвае думку Зміцер. — Можна сказаць, што гэта рэстаранны альбом, дзе адбываюцца сустрэчы, дзе выкатваецца ўсё, што набалела за гэтыя гады... Ужо, да прыкладу, ёсць жаданне ў магілёўскіх кабацкіх музыкаў выконваць гэтыя песні. Патэлефанавалі мне праз трэціх-чацвёртых людзей з пытаннем, колькі я хачу працэнтаў аўтарскага адлічэння з гэтых песень. Я ім адказваю: “Пацаны, дамовімся, спявайце, галоўнае, каб гэта гучала па-беларуску””.

Зміцер спадзяецца, што з цягам часу песні “Варанка” набудуць папулярнасць менавіта такім чынам: самі людзі ўпадабаюць, пачнуць спяваць і перадаваць адзін аднаму. Тым больш, усё лета спявак раздаваў дыск Хведара Шчаўля таксістам — хіба не самай мэтавай аўдыторыі.

Падчас прэсухі Зміцер выконвае дзве песні з дыска і жартуе: “Цяпер можаце казаць, што Вайцюшкевіч спяваў для вас у саўне”. А Еўрарадыё цяпер можа ганарыцца яшчэ і тым, што парылася разам са Змітром.

Распаўсюджвацца “Варанок” будзе праз галерэю “Ў”, інтэрнэт-краму Prastora.by, ды, натуральна, на канцэртах. Бліжэйшыя з іх запланаваныя на 12 снежня ў “Арт-сядзібе” і 17 снежня ў сядзібе БНФ. Апроч таго, Вайцюшкевіч збіраецца прадставіць сваю праграму ў Берліне, Маскве, Піцеры, Варшаве, Гданьску, Беластоку ды Вільні.

Фота: Generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі