Вы тут

Зміцер Вайцюшкевіч плануе напісаць альбом “беларускага кантры”

Зміцер Вайцюшкевіч збіраецца ў тур па Паўночнай Амерыцы. За два тыдні музыка адыграе дзесяць канцэртаў у Злучаных штатах і Канадзе. Праграма “Новае і Лепшае”, якую Зміцер пакажа тамтэйшым беларусам, складаецца з асноўных хітоў за 16 гадоў існавання гурта WZ Orkiestra, а таксама прэм’ер песень на вершы Уладзіміра Някляева і іншых паэтаў.

“На канцэрты там прыходзяць збольшага беларусы. У тым ліку тыя, чые сем’і ўжо некалькі пакаленняў жывуць у Штатах, але не згубілі сваёй ідэнтычнасці. Гэта людзі, якія рэалізавалі сябе, якія спакойна размаўляюць на розных замежных мовах, але пры гэтым шануюць сваё, беларускае, — распавядае Вайцюшкевіч. — Амерыка прасякнутая ідэяй рэалізацыі мроі і гэтым мне вельмі падабаецца. У Канадзе апынуся ўпершыню, кажуць, што гэта наогул нейкі ідэальны сусвет”.

Апроч уласна выступаў і новых цікавых знаёмстваў, Зміцер мае даволі смелыя творчыя планы.

 “Для мяне гэта бясцэнны досвед, — працягвае музыка. — Бо я здолею ўбачыць, так бы мовіць, аднапавярховую Амерыку і Канаду. Я там буду перасоўвацца не толькі самалётамі, але і аўтамабілямі, і аўтобусамі, і цягнікамі. Усё ж такі Сан-Францыска ў адным баку, Канада ― у другім, Нью-Ёрк ― у яшчэ іншым… Так што, можа, які альбом з’явіцца накшталт кантры па-беларуску. Але не ў тым разуменні кантры, як мы прызвычаіліся, бо амерыканскае кантры ― паняцце шырокае”.

Выступы Вайцюшкевіча адбудуцца ў Нью-Ёрку (28.01 і 30.01), Нью-Джэрсі (29.01), Вашынгтоне (1-2.02), Таронта (3-4.02), Атаве (5.02) і Сан-Францыска (10-11.02).

Тым часам 4 сакавіка Зміцер Вайцюшкевіч, WZ-Orkiestra і паэт Уладзімір Някляеў дадуць вялікі канцэрт у Вільні з праграмай “Нашы каханыя”, прымеркаванай да 10-годдзя супрацоўніцтва музыкі і паэта.

“У Вільні мы прэзентуем дыск лепшых песень за апошнія дзесяць гадоў з варшаўскім аркестрам, дзе будзе і некалькі новых твораў, — кажа Зміцер. — І гэта будзе такі музычна-паэтычны вечар. Някляеў апошнія сем гадоў амаль не выступае ў якасці паэта, таму ён там будзе чытаць свае вершы, а я буду спяваць песні на яго ж вершы. То бок гэта такі новы для нас літаратурны фармат”.

Квіткі на віленскі канцэрт каштуюць ад  31,5 да 47,5 рублёў, продаж ― праз “Тэатральную касу” і Kvitki.by. Беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы, дзякуючы падтрымцы МЗС Літвы. Падаць дакументы на бясплатную візу трэба з 15 студзеня да 15 лютага ўключна. Пакрокавая інструкцыя тут.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі