Вы тут

Жырыноўскі адказаў на анекдот Лукашэнкі і прапанаваў сустрэчу на мяжы

Беларуска-расійская мяжа / @gpkgovby

Расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі адказаў на анекдот пра яго, які ў чацвер расказаў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка. Беларускі кіраўнік нагадаў свае "рэцэпты" барацьбы з вірусам COVID-19, пра адзін з якіх крытычна выказаўся якраз Жырыноўскі. На гэтую крытыку Лукашэнка і адказаў анекдотам. Сутнасць яго такая: расійскі палітык выступіў і заявіў, што Лукашэнка не мае рацыі, з каранавірусам нельга змагацца саўнай і гарэлкай. Але дома папрасіў жонку наліць "100 грам да лазні і 100 грам пасля".

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі прапанаваў Лукашэнку сустрэцца на беларуска-расійскай мяжы.

"Дарагі Аляксандр Рыгоравіч!цытуе адказ Уладзіміра Жырыноўскага ria.ru. — ...Я так зразумеў з апошняга вашага анекдота пра мяне, што вы хочаце выпіць са мной".

Жырыноўскі наракае, што яны ўжо даўно не бачыліся.

"Паколькі мы не можам ездзіць за мяжу — давядзецца два тыдні сядзець на каранціне — я прапаную вам сустрэцца на беларуска-рускай мяжы ў Смаленскай вобласці", — кажа расійскі палітык.

Жырыноўскі нагадаў, што губернатар Смаленшчыны Аляксей Астроўскі — прадстаўнік ЛДПР. І ён можа ўсё арганізаваць. "Накрые нам стол, мы з вамі пасядзім, вып'ем па 50 грам рускай гарэлкі, па 50 грам зуброўкі за здароўе рускіх і беларусаў, добра пасядзім і раз'едземся, — так акрэслівае перспектывы расійскі палітык. — А калі трэба, то там жа і лазеньку арганізуем — руска-беларускую".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.