Вы тут

“Жыццё зламалі". Старлея, затрыманага па “справе Коржыча”, звольнілі з войска

Павел Сукавенка з жонкай. Фота з сацсетак.

Старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку, затрыманага па “справе Коржыча”, звольнілі з войска. Гэта адбылося яшчэ ў кастрычніку 2017 года ― амаль адразу пасля таго, як афіцэр трапіў за краты.

“Чалавеку жыццё зламалі”

“Калі ўсё гэта заварылася, яму, скажам так, прапанавалі напісаць рапарт. Нібыта яму будзе ад гэтага лепш, ― распавядае Еўрарадыё сваячка Паўла Сукавенкі. ― Атрымалася, што не яны яго звольнілі, а ён сам. Чалавеку жыццё зламалі. Прытым, ні ў чым не вінаватаму”.

Павел Сукавенка збіраўся звязаць сваё жыццё з беларускім войскам. Пагоны старшага лейтэнанта хлопец атрымаў зусім нядаўна — 27 чэрвеня 2017 года. У гэты час Аляксандр Коржыч ужо служыў у часці №43064, у якой Сукавенка камандаваў 3-й ротай.

2015 год. Тады яшчэ лейтэнант Павел Сукавенка праводзіць заняткі. Фота: vsr.mil.by

"Спрабую свае сілы ў такой адказнай справе, як навучанне і выхаванне будучых наводчыкаў гарматы танка. Здаецца, усё атрымліваецца. Ва ўсякім выпадку, нараканняў з боку камандзіраў і начальнікаў не было, — распавядаў Павел (тады яшчэ лейтэнант) карэспандэнту "Белорусской военной газеты". — Што тычыцца далейшай перспектывы, ёсць імкненне годна прайсці адну за адной службовыя прыступкі для таго, каб потым паступіць на камандна-штабны факультэт акадэміі і дарасці да вялікіх зорак на пагонах. Чаму б і не!.."

3 кастрычніка 2017 года 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным. 17 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў, што па “справе Коржыча” затрыманыя двое афіцэраў.

31 кастрычніка адзін з гэтых афіцэраў, 28-гадовы капітан Вадзім Чыркоў быў адпушчаны з СІЗА.

Вадзім Чыркоў (справа) ― у 2011 годзе яшчэ лейтэнант ― з бацькам, кадравым вайскоўцам. Фота з сацсетак.

Другі афіцэр ― 23-гадовы старшы лейтэнант Павел Сукавенка, які камандаваў ротай, дзе служыў Коржыч, ужо амаль 4 месяцы знаходзіцца за кратамі. Супраць яго распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 455 (Бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

“За чатыры месяцы нам не далі ніводнага спаткання”

Пасля таго, як Сукавенку пасадзілі за краты і звольнілі з войска, яго жонка страціла права на пакой у інтэрнаце, дзе яны разам жылі. Цяпер ужо былы афіцэр застаецца ў СІЗА, а Маргарыта Сукавенка вымушаная вярнуцца да мамы.

“Яго сям’я апынулася выкінутай адусюль. Пасля таго, што адбылося, жонку выселілі з інтэрната. Там яны ўжо паспелі абжыцца, у іх шмат рэчаў было, ― працягвае сваячка Сукавенкі. ― Людзі дапамаглі ўсё гэта перавезці да яе бацькоў. А сама Маргарыта цяпер жыве ў Нясвіжскім раёне, у Снове, дзе яе мама працуе настаўніцай”.

Маргарыта Сукавенка. Фота з сацсетак.

У Снове Маргарыта працуе прадавачкай у краме. “Яна возіць перадачы мужу. 30 кг за месяц. Хочаш ― адразу, хочаш ― па-частках. Адпаведна, грошы патрэбныя. Адвакат, вось гэта ўсё. За чатыры месяцы нам не далі ніводнага спаткання”.

“Ніхто з іх не сказаў: "Гэта я"”

Мама Паўла Сукавенкі прыязджала ў Пінск да мамы загінулага салдата Аляксандра Коржыча. Па словах Святланы Коржыч, мама Сукавенкі ― адзіная са сваякоў затрыманых вайскоўцаў, якія ўвогуле выйшлі з ёй на сувязь.

“Яна кажа: “Павел да гэтай справы не мае дачынення. Ён не забіваў. Гэта ўсё яго падначаленыя”. Але ж мяне вазілі, паказвалі гэтых падазраваных. Ніхто з іх не ўзяў на сябе смеласць сказаць: “Гэта я”. Таму я ёй у адказ кажу: “Я вашаму сыну не суддзя!”, ― распавядае Еўрарадыё Святлана Коржыч.

Святлана Коржыч

Справу Бяўзюка працягнулі, справу Басцюка закрылі

Расследаванне справы аб смерці ў Печах яшчэ аднаго вайскоўца, Міхаіла Беўзюка, таксама працягнутае. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Юрый Бяўзюк, брат загінулага вайскоўца.

У той жа час, СК у другі раз спыніў справу Арцёма Басцюка, салдата тэрміновай службы, знойдзенага павешаным у вайсковай часці №25849 пад Барысавам. На думку следчых, 25-гадовы мінчук здзейсніў самагубства.

“Мы атрымалі пастанову. Там усё перавярнулі з ног на галаву. У нас была вочная стаўка з камандзірамі часці — іх словы перавернутыя так, нібыта іх узялі з іншай справы, — распавядае Еўрарадыё Таццяна Басцюк, маці Арцёма. — Адказалі нам, што ў войску ледзь не дзіцячы сад, а наш сын сам захацеў, і ўсё”.