Вы тут

Журналіста Сяргея Сацука ўзялі пад варту

Сяргей Сацук / Еўрарадыё

Галоўнага рэдактара анлайн-выдання "Ежедневник" Сяргея Сацука ўзялі пад варту. Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. Пакуль невядома, ці выставілі ўжо Сацуку абвінавачанні. 

Як паведамлялася раней, Сацука 25 сакавіка затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.Яго падазраюць у атрыманні хабару. Па справе Сацука ў рэдакцыі "Ежедневника" 26 сакавіка адбыўся ператрус, супрацоўнікі ДФР забралі дакументы. 

Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай, у якой заклікала неадкладна вызваліць Сяргея Сацука і спыніць крымінальны пераслед. 

Сацук набыў вядомасць сваімі журналісцкімі расследаваннямі. Адно з самых гучных расследаванняў апошняга часу датычыла карупцыі ў сістэме аховы здароўя. Сам журналіст заяўляў, што атрымліваў пагрозы ў сувязі са сваімі расследаваннямі ў гэтай сферы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.