Збор з аграсядзібаў хочуць павялічыць у 12 разоў

Ідэя павысіць памер збору для тых, хто займаецца аграэкатурызмам, з 1 базавай велічыні ў год да 12 з’явілася на пачатку красавіка. Цяпер яна прапрацоўваецца ў Міністэрстве па падатках і зборах і іншых зацікаўленых органах. Старшыня праўлення грамадскай арганізацыі “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова гаворыць, што навіна для ўладальнікаў аграсядзібаў стала нечаканасцю. “Яшчэ мінулым летам Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намі абяцаў нічога не мяняць да 2021 года. Абяцаў, што памеры збораў застануцца ранейшымі, што Указ №372, які датычыць аграэкатурызму, будзе працаваць па-ранейшаму. А тут вось раптам такое”, — расказвае Кліцунова.

Дакладная дата павелічэння збору пакуль невядомая. Калі яго насамрэч павялічаць у 12 разоў, гэта нанясе моцны ўдар па тых уладальніках аграэкасядзібаў, якія маюць невялікія абароты і прымаюць гасцей час ад часу. “Для тых, хто ўкладвае ў бізнес сотні тысяч долараў, гэта, вядома, нязначна. Але тыя, хто мае сціплыя сядзібы, могуць сысці з бізнесу”, — гавораць эксперты.

Валерыя Кліцунова таксама звяртае ўвагу, што прадпрымальнікаў чарговы раз падманулі: “Нам жа абяцалі нічога не мяняць. А цяпер рост у 12 разоў. Гэта падрыў даверу. Людзі чарговы раз задумаюцца, ці ісці ў гэты бізнес пасля такіх крокаў”.

Што ўладальнікі аграсядзібаў плацяць цяпер

Адну базавую ў год. На 6 траўня гэта 180 тысяч. Згодна з лічбамі Міністэрства па падатках і зборах, прыбыткі сферы з 2006 года павялічыліся ў 1900 разоў — з 56 мільёнаў рублёў да 103 мільярдаў. Крытыкі заўважаюць, што ў МПЗ падчас гэтых падлікаў “забыліся” пра дэвальвацыі, інфляцыю, а таксама пра рост колькасці аграсядзібаў з 28 да 1424.

Што будуць плаціць, калі збор павялічаць у 12 разоў

12 базавых велічынь у год. То бок 2 мільёны 160 тысяч. У “Адпачынку ў вёсцы” падлічылі, што дзякуючы павелічэнню збору дзяржава атрымае ўсяго 200 тысяч “лішніх” долараў. “Гэтая лічба не вартая стратаў, якія можа нанесці галіне аграэкатурызму павелічэнне збору”, — гавораць там.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі