Вы тут

Сёння — новы гучны суд па дзедаўшчыне. Каго судзяць і ў чым вінавацяць

Артур Вірбал і Павел Сукавенка. Фатаграфіі з сацсетак

1 кастрычніка Мінскі абласны суд пачне разглядаць справу старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала. Першы камандаваў ротай, у якой служыў загінулы пінчук Аляксандр Коржыч, другі быў у гэтай роце старшыной. 

Хто такія Сукавенка і Вірбал?

Павел Сукавенка нарадзіўся 18 сакавіка 1994 года. Свой 24-ы дзень нараджэння старлей сустракаў у СІЗА — ён затрыманы ў сярэдзіне кастрычніка 2017 года.

Сукавенка збіраўся звязаць сваё жыццё з беларускай арміяй. Пагоны старшага лейтэнанта хлопец атрымаў крыху больш за год таму — 27 чэрвеня 2017 года. У гэты час Аляксандр Коржыч ўжо служыў у часці №43064, у якой старлей камандаваў 3-й ротай.

"Спрабую свае сілы ў такой адказнай справе, як навучанне і выхаванне будучых наводчыкаў гарматы танка. Здаецца, усё атрымліваецца. Ва ўсякім выпадку, нараканняў з боку камандзіраў і начальнікаў не было, — распавядаў Павел (тады яшчэ лейтэнант) карэспандэнту "Белорусской военной газеты". — Што тычыцца далейшай перспектывы, ёсць імкненне годна прайсці адну за адной службовыя прыступкі для таго, каб потым паступіць на камандна-штабны факультэт акадэміі і дарасці да вялікіх зорак на пагонах. Чаму б і не!.."

Артур Вірбал нарадзіўся 19 студзеня 1993 года. Як і Павел Сукавенка, свой апошні дзень нараджэння ён сустракаў у СІЗА. У роце ён адказваў за тое, каб салдаты былі забяспечаныя ўсім неабходным, суправаджаў іх у сталовую, кантраляваў там парадак, удзельнічаў у ранішнім аглядзе.

Прапаршчыка падазравалі ў тым, што ён забраў у Аляксандра Коржыча банкаўскую картку і здымаў з яе грошы ў банкаматах, расплачваўся ў кафэ. Па словах сяброў загінулага салдата, апошняе зняцце з карткі датуецца 26 верасня — днём, калі хлопец знік.

Калі стала вядома пра сувязь Вірбала са "справай Коржыча", мы знайшлі профіль прапаршчыка "ВКонтакте". Нашу ўвагу прыцягнула відэа, размешчанае на старонцы. Лаянка, здзекі, разбітыя аб галаву бутэлькі і "ціпа жартоўная" спроба падпаліць валасы п'янага сябра запальнічкай там — звычайная справа:

Магчыма, і пад уплывам гэтага відэа міністр абароны Андрэй Раўкоў, звяртаючыся да беларускіх вайскоўцам, напiсаў: "Імя прапаршчыка Вірбала стала намінальным, пра яго ведаюць ва ўсім свеце".

 

У чым абвінавачваюць Сукавенку і Вірбала?

Вайскоўцам выстаўленыя абвінавачанні па частках 1 і 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэкса — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, бяздзейнасць улады і перавышэнне ўлады з прымяненнем гвалту. Першапачаткова крымінальныя справы супраць іх адкрываліся па іншых артыкулах. Сукавенка (і яшчэ адзін афіцэр, Вадзім Чыркоў) да моманту затрымання ў якасці падазраваных праходзілі па частцы 3 артыкула 455, а Вірбал — па артыкуле 209 КК ("Махлярства").
 
Па дадзеных, якія следства мела ў кастрычніку 2017 года, Сукавенка і яго намеснік, ведаючы, што Вірбал карыстаецца банкаўскай карткай, наўмысна бяздзейнічалі з мэтай стварэння бачнасці дабрабыту ў падраздзяленні перад вышэйстаячым камандаваннем. Афіцэры не жадалі прымаць меры па падтрыманні ўнутранага парадку з мэтай мінімізацыі сваёй службовай нагрузкі.

Павел Сукавенка (ў цэнтры) і Артур Вірбал (справа) на сумесным фота.

Акрамя таго, з 26 верасня Аляксандр Коржыч у адпаведнасці з загадам камандзіра вайсковай часці лічыўся прыбыўшым з медыцынскай роты. Аднак з таго часу да моманту, калі салдата знайшлі павешаным ў падвале медсанчасці, пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома. А Сукавенка, паводле інфармацыі СК, наогул не цікавіўся месцам знаходжання радавога.

Чаму Сукавенку і Вірбала судзяць разам?

Сукавенка і Вірбал адказвалі за забеспячэнне рэчамі ваеннаслужачых роты. Пацярпелымі па іх справе праходзяць сяржанты Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Усе трое паралельна абвінавачваюцца ў давядзенні Аляксандра Коржыча да самагубства. У сваю чаргу, Павел Сукавенка і Артур Вірбал праходзяць па "справе Коржыча" сведкамі.

У сваіх паказаньнях сяржанты распавядалі, што рэгулярна перадавалі Сукавенку прадукты, якія за свае грошы куплялі радавыя. Раніцай на стале камандзіра роты павінен быў стаяць кубак кавы. За хібы і непаслухмянасць афіцэр караў іх не па статуце.

"Мы атрымлівалі больш, чым салдаты", — заявіў на судзе Яўген Бараноўскі.

Артур Вірбал. Фотаздымкі з сацсетак

Ягор Скуратовіч распавядаў, што ротны кожны месяц выдаваў на 1 рубель менш заробку, чым належыла. Таксама Сукавенка запатрабаваў у Скуратовіча набыць новую танкавую форму ў абмен на канфіскаваны ў яго нестатутны тэлефон.

Ад некалькіх сяржантаў мы чулі, што Артур Вірбал не выдаваў ім новыя берцы. Абутак даводзілася купляць — менавіта на гэта сыходзілі грошы, якія сяржанты атрымлівалі ад радавых за карыстанне смартфонамі. Бараноўскі расказаў, як з капцёркі, у якой размяшчалася працоўнае месца прапаршчыка Вірбала, у яго двойчы знікаў бушлат. Старшына, вядома, нічога пра гэта не ведаў.