У СМІ трапіў вельмі рэзкі ліст міністра абароны Беларусі

У СМІ трапіў вельмі рэзкі ліст міністра абароны Беларусі

Шточацвер у вайсковых часцях Беларусі праводзіцца "адзіны дзень інфармавання". Падчас яго камандзіры тлумачаць ідэалагічныя ўстаноўкі, выпрацаваныя ў Генштабе. У гэты чацвер, 21 снежня, камандзірам прыйшоў вельмі рэзкі і доўгі ліст міністра абароны Андрэя Раўкова, піша nn.by, рэдакцыя якой атрымала гэты дакумент.  

У сваім лісце Раўкоў піша, што частка афіцэраў самаўхілілася ад працы па падтрыманні дысцыпліны. "Як вынік — большая частка крымінальных справаў заведзена не камандзірамі, а Следчым камітэтам, пракуратурай, у лепшым выпадку Ваеннай камендатурай. Навідавоку няведанне рэальнага стану рэчаў", — піша Раўкоў. Згадвае ён і пра шэраг салдацкіх смерцяў, якія адбыліся сёлета. Прычым, напрыклад, смерць шарагоўца Коржыча адбылася пры не высветленых дагэтуль абставінах. 

Міністр заяўляе пра неабгрунтаванасць размоваў пра паніжэнне якасці прызыўнога кантынгенту: "Сёлета колькасць асобаў з судзімасцямі склала каля 5%, а з 2009 па 2012 год у асобных прызывах колькасць такіх асобаў даходзіла да 8%". 

Па словах Раўкова, за апошнія пяць гадоў толькі 50% удзельнікаў злачынстваў у войску дайшлі да суда. А тыя 90% часцей, дзе няма злачынстваў, не сведчаць пра адсутнасць парушэнняў і злачынстваў, "бо ў большай ступені яны носяць латэнтны характар".

Згадаў ён смерць шарагоўца Басцюка: "31 сакавіка скончыў жыццё самагубствам шараговец А. Басцюк. З першых дзён службы праявіліся ягоныя нізкія адаптыўныя здольнасці, нізкі ўзровень нервовай устойлівасці. Усё ляжала на паверхні, салдат неаднаразова паведамляў камандзірам пра цяжкасці службы. Але ў выніку абыякавасці і адсутнасці індывідуальнай работы прычыны праблем салдата выяўленыя не былі, адпаведна — не былі і вырашаныя. 11 сакавіка да кіраўніцтва палка звярнуліся бацькі салдата, якія паведамілі пра нестатутныя адносіны. Пры гэтым сутнасць звароту бацькоў стала вядомая калектыву, пасля чаго з салдатам перасталі размаўляць саслужыўцы. Напярэдадні смерці салдат пазваніў маці і развітаўся з ёй, але нават пасля гэтага сігналу ад бацькоў кантроль за салдатам і індывідуальная работа з ім не была арганізаваная".

Асобна міністр згадаў смерць Коржыча ў Печах: "Пра злачынствы ў 72 АВЦ даведаліся толькі падчас следчых дзеянняў. Імя прапаршчыка Вірбала (якога падазраюць у вымаганні грошай у Коржыча. — Еўрарадыё) стала назыўным, пра яго ведаюць ва ўсім свеце. А ў 19-й асобнай механізаванай брыгадзе выявіўся такі факт: у адказ на зварот салдата да камандзіра роты наконт праблем ва ўзаемаадносінах з саслужыўцамі, апошні параіў звярнуцца да "асновы" роты для вырашэння праблем. Што такое "аснова"? Гэта сінонім "пахана" ці "сматрачага" на мове крымінальна-лагернага жаргона. То бок афіцэр фактычна ўхіліўся ад абавязкаў падтрымання правапарадку і перадаў гэтыя функцыі служачым. Сёлета таксама заведзена справа на прадстаўніка 72 АВЦ, які яшчэ ў 2012 годзе прыняў хабар у выглядзе пакета прадуктаў, а потым неаднаразова прымаў для сябе спіртное, каву і прадукты ад ваеннаслужачых. Каментары тут лішнія".

У сваім лісце Раўкоў згадаў яшчэ некалькі выпадкаў дробнага хабару. Ён запэўніў, што любое злачынства ў войску будзе выяўлена.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі