Вы тут

Затрыманым супрацоўнікам PandaDoc выставілі абвінавачанне

Плакат на вулічнай акцыі ў Мінску / Еўрарадыё

Чатыром затрыманым супрацоўнікам кампаніі PandaDoc у пятніцу выставілі абвінавачанне па артыкуле "махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры" (ч. 4 арт. 209 КК). Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў са штрафам. Аднак, паводле слоў адваката кампаніі Антона Гашынскага, абвінавачанне не канкрэтызавана, паведамляе TUT.by.

На мінулым тыдні супрацоўнікі ДФР правялі ператрус у кампаніі PandaDoc і затрымалі галоўнага бухгалтара Юлію Шардыка, дырэктара Дзмітрыя Рабцэвіча, менеджара па прадукце Віктара Куўшынава і HR Уладзіслава Міхалапа. Спачатку гаворка ішла пра падазрэнне ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Справай супрацоўнікаў PandaDoc займаецца цэнтральны апарат СК.

Беларускія праваабаронцы прызналі Шардыка, Рабцэвіча, Куўшынава і Міхалапа палітвязнямі.

Заснавальнік і кіраўнік кампаніі Мікіта Мікада раней адкрыта крытыкаваў беларускія ўлады і прапаноўваў варыянты дапамогі (у тым ліку матэрыяльнай) сілавікам, якія хочуць звольніцца з праваахоўных органаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.