Заробак настаўнікам падыме аптымізацыя: школы і садкі закрываюцца

“Усталяваць павышэнне тарыфных ставак настаўнікам устаноў адукацыі на 25%... Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца ўстановы адукацыі, накіроўваць сродкі, вызваленыя ў выніку аптымізацыі дзяржаўных устаноў адукацыі і колькасці іх работнікаў, на павышэнне заработнай платы і стымуляванне працы педагагічных работнікаў”, — чытаю Пастанову Саўміна № 689.

Еўрарадыё вырашыла высветліць, як школы зарабілі на аптымізацыі, лічы на скарачэнні. Аптымізацыя ідзе: школы закрываюцца, супакойваюць ва Упраўленні адукацыі віцебскага аблвыканкаму:
 

“Да пачатку 2013-2014 году закрыць 3 дзіцячыя садкі, 25 школ, у тым ліку пяць вечаровых, і рэарганізаваць 33”.

За кошт такой аптымізацыі тут плануецца “зарабіць” амаль 11 мільярдаў рублёў. Але невядома пакуль, куды накіраваць педагогаў, якія вызваляюцца.
 

“Вядома, шмат вызваліцца народу”, — канстатуюць ва ўпраўленні.

І гэтая аптымізацыя — па ўсёй краіне, пацвярджаюць у Міністэрстве адукацыі. Да таго ж будуць ушчыльняць класы:
 

“Закрываюцца школы, іншыя ўстановы. Вызваляюцца сродкі, якія і накіроўваюцца на павышэнне заработнай платы. Напоўненасць класаў павялічваецца. Будзе да 24 чалавек, а цяпер там менш”.

Настаўнік гісторыі з Гродна Дзяніс працуе ў школе па размеркаванні. Свой новы заробак пасля павелічэння яшчэ не падлічваў.
 

“Зараз у мяне каля трох мільёнаў. Пакуль адзін жыву, то хопіць пасля павышэння, ды і так хапала. Але, хутчэй за ўсё, сыду са школы пасля адпрацоўкі, бо грошай тут не заробіш”, — прагназуе настаўнік.

З павышэннем Дзяніс будзе зарабляць каля чатырох мільёнаў.

Апроч змены заробкаў, настаўнікам давядзецца больш працаваць. Каб атрымоўваць свой заробак, трэба будзе аддаць школе 20 гадзінаў на тыдзень, замест 18.

Паводле Белстату, сярэдні заробак настаўнікаў за травень складае 3 мільёны 486 тысяч рублёў. З павышэннем на 25% атрымаецца 4,3 мільёна. Для параўнання: сярэдні заробак па Мінску за травень — больш за 6 мільёнаў рублёў.

Фота: www.rg.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі