"Не крыўдзі рэпетытара": дарадца Ціханоўскай адказаў міністру адукацыі

Павел Церашковіч

Павел Церашковіч

Напярэдадні новага навучальнага года міністр адукацыі Андрэй Іванец раскрытыкаваў рэпетытараў. Яго заяву пракаментаваў дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях навукі і адукацыі Павел Церашковіч — і звярнуў увагу на праблемы самой беларускай сістэмы адукацыі.

Іванец заявіў, што школьная праграма дастаткова простая, каб бацькі маглі дапамагаць дзецям без рэпетытараў. Пры гэтым, як адзначае Церашковіч, сам міністр прызнаваўся, што калі паступаў у Ліцэй БДУ, ледзь не праваліў матэматыку, бо гэты прадмет яму "быў не надта цікавы".

Церашковіч таксама прывёў шэраг паказчыкаў, якія, на яго думку, характарызуюць стан адукацыі ў Беларусі. За пяць гадоў колькасць прыватных школ скарацілася ў 3,5 раза, дзіцячых садкоў — у сем разоў. Колькасць выхаванцаў садкоў зменшылася на 84,5 тысячы, а сістэма адукацыі страціла 13 тысяч настаўнікаў.

Ён звярнуў увагу і на вышэйшую адукацыю. Доля выкладчыкаў ВНУ з навуковымі ступенямі знізілася да 40%, а БДУ за пяць гадоў апусціўся ў сусветным рэйтынгу QS з 317-га на 533-е месца.

Асобна Церашковіч паставіў пад сумнеў афіцыйныя дадзеныя пра колькасць замежных студэнтаў у Беларусі. У Міністэрстве адукацыі заяўляюць пра 37 тысяч, тады як Дзяржкамстат называе іншую лічбу — 24 тысячы.

У выніку Церашковіч завяршыў свой каментар іранічнай парадай:

"Мараль усяго гэтага наступная: не крыўдзі рэпетытара. Пазаймацца з ім карысна не толькі школьнікам, але і некаторым міністрам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.