Большасць беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, служыць у “мясных палках”

Беларусы, якія служаць у арміі РФ

Беларусы, якія служаць у арміі РФ / Euroradio / OpenAI

2880 грамадзян Беларусі падпісалі кантракт з расійскім войскам у перыяд з 2022 па 2025 год. Паводле дадзеных украінскага праекта “Хачу жыць”, у асноўным гэта людзі ва ўзросце каля 40 гадоў. Самыя старэйшыя з іх — адзін чалавек 1961 года нараджэння і шэсць 1962 года нараджэння. А самых малодшых, 2007 года нараджэння, — 15 чалавек.

Большасць беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, служыць у “мясных палках”

Пераважная большасць з іх — радавыя (1606 чалавек). Таксама ёсць 86 яфрэйтараў і 59 малодшых сяржантаў. Адзінкава сустракаюцца людзі са званнямі старшага сяржанта, старшыны, старшага лейтэнанта, старшага матроса, прапаршчыка і старшага прапаршчыка. Названы нават адзін капітан. 

Паводле наяўнай інфармацыі, вядома, што 991 чалавек размеркаваны па 151 воінскай часці. Па бальшыні з гэтых месцаў ёсць публічныя сведчанні пра ўдзел у “мясных штурмах”, “абнуленні” (расправы над вайсковымі з боку саслужыўцаў або камандавання) ды іншыя парушэнні.

Еўрарадыё разгледзела некаторыя такія палкі, дзе служыць найбольшая колькасць беларусаў. 

Бессэнсоўныя штурмы і расстрэлы вайсковых

Больш за ўсё грамадзян Беларусі служыць у 70-м гвардзейскім мотастралковым палку ў складзе 42-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, якая падпарадкоўваецца 58-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Паўднёвай ваеннай акругі.

З гэтым месцам звязаны шэраг здарэнняў. Да прыкладу, актывісты і родныя вайскоўцаў абвінавачвалі камандзіра палка Кірыла Валкоўскага ў “мэтанакіраваным забойстве людзей” праз адпраўку іх на бессэнсоўныя штурмы. 

Сярод іншага, ён працягваў пад сваім камандаваннем вельмі стратныя штурмы Малой Такмачкі, пасля якіх сотні чалавек лічацца зніклымі без вестак. Падчас аднаго са штурмаў афіцэры палка засвяціліся ў як мінімум адным злачынстве на камеру. Намеснік камандзіра палка Юрый “Буйвал” Абаеў аддаў загад расстраляць чацвярых украінскіх палонных.

Большасць беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, служыць у “мясных палках”

Ваенная пракуратура Расіі на звароты не рэагавала. Што праўда, яшчэ да яго прызначэння гэты полк адзначыўся абвінавачаннямі ў ваенных злачынствах супраць палонных.

У тым жа кірунку дзейнічае 71-ы мотастралковы полк у складзе 42-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, якая падпарадкоўваецца 58-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Паўднёвай ваеннай акругі. Там служыць 32 грамадзяніна Беларусі. 

Яны таксама актыўна прымяняюць практыку “мясных штурмаў”. Персаналізаваных абвінавачанняў менавіта па 71-м палку амаль няма. Але 42-й МСД камандуе генерал Раман “Перасвет” Дземурчыеў. Гэтай асобе было прысвечана некалькі буйных расследаванняў датычных і катаванняў палонных, і схем, па якіх зарабляюць вайскоўцы сярэдняга звяна. 

Іншае папулярнае сярод беларусаў (36 грамадзян) месца службы — 102-і гвардзейскі мотастралковы полк у складзе 150-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, якая падпарадкоўваецца 8-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Узброеных сіл РФ. У ім таксама за час поўнамаштабнай вайны ва Украіне адбыўся шэраг злачынстваў. 

У 2024 годзе разведчык Іван “Механік” Парадзін заявіў, што камандаванне палка пагражала байцам “збіць іх палкамі”, “заварыць люкі БМП і адправіць штурмаваць Курахава” за крытыку адносна адпраўкі непадрыхтаваных людзей на перадавую”. Скандал скончыўся пераводам Івана, а папярэдне — знаёмых яму спецыялістаў, у пяхоту. 

Пра прымяненне практыкі “мясных штурмаў” у згаданым падраздзяленні сведчылі і палонныя ваенныя. У сваю чаргу, расійскія СМІ апісваюць тактыку 102-га МСП як метад “маланкавага кідка” з заходам штурмгруп ці штурмамі з разведкай дронамі і ўдарнымі БПЛА. 

Большасць беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, служыць у “мясных палках”

Яшчэ, па дадзеных, якія ёсць у Еўрарадыё, 34 і 33 грамадзяніна Беларусі служаць у 4-й і 7-й асобных гвардзейскіх мотастралковых брыгадах адпаведна. Яны ўваходзяць у склад 3-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Сухапутных войскаў РФ. 

Пра чацвёртую брыгаду звестак няшмат, акрамя таго, што яна была створана яшчэ ў 2014 годзе і фармальна знаходзілася ў падпарадкаванні “ЛНР”, а пасля 2022-га — далучылася да складу УС РФ. Сёлета паведамлялася, што брыгада будзе пераўтворана ў дывізію. 

Але наконт сёмай брыгады ў 2024 годзе пісаў расійскі Z-блогер Міхаіл Палынкоў. Тады ён паведаміў аб арышце камандзіра брыгады Фёдара Белаглазава, камандуючага 3-й арміяй генерал-маёра Дзмітрыя Аўчарова і начальніка штаба гэтага фарміравання. Блогер пісаў, што прычынай такой чысткі сталі ўтойванне страт і падман у дакладах аб узяцці новых пасёлкаў. 

Беларусы пад “абнуліцелямі”

А вось 6-я брыгада, якая таксама ўваходзіць у 3-ю армію і ў якой служыць 25 грамадзян Беларусі, згадвалася ў расследаванні выдання “Вёрстка” пра практыку “абнулення” ў расійскім войску. 

“Трупы абнуленых іх калегі па загадзе камандзіраў альбо закопваюць у лесе, альбо выкідваюць на поле бою, выпускаючы па іх чаргу з аўтамата”, — расказвае “Вёрстцы” пра маскіроўку абнуленых 40-гадовы Уладзіслаў Берлякоў з 6-й брыгады воінскай часці 41624. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.