Філіялы Гётэ-Інстытута закрыюць у Расіі. У Мінску яны не працуюць з 2021 года

Гётэ-Інстытут у Мінску закрылі на патрабаванне беларускіх уладаў.

Гётэ-Інстытут у Мінску закрылі на патрабаванне беларускіх уладаў. / rusedu.center/org

Філіялы Гётэ-Інстытута ў Расіі будуць закрытыя. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў на форуме ва Уладзівастоку.

Паводле слоў Лаўрова, гэта стане адказам на рашэнне нямецкіх уладаў спыніць дзейнасць Расійскага дома ў Берліне.

"У немцаў тут ёсць аддзяленні Інстытута Гётэ — і ў Маскве, і ў Пецярбургу, і ў Екацярынбургу. Ну, вядома, яны будуць закрытыя пасля таго, як наш культурны цэнтр адтуль выгналі", — заявіў Лаўроў.

Пры гэтым, паводле звестак самога Гётэ-Інстытута, яго філіялы ў Расіі знаходзяцца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Новасібірску, а не ў Екацярынбургу.

Нямецкія ўлады вырашылі закрыць Расійскі дом у Берліне пасля атакі беспілотнікаў на аэрапорт Лейпцыга, адказнасць за якую ўсклалі на Маскву.

У Мінску філіялы Гётэ-Інстытута не працуюць з лета 2021 года. Тады беларускія ўлады запатрабавалі закрыць іх разам з прадстаўніцтвам Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD). Гэта стала адказам на санкцыі Еўрасаюза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.