Беларусь можа ўскладніць для Расіі атакі Кіева дронамі. Але ёсць нюанс

Ваенныя дроны ў небе

Ваенныя дроны ў небе / unn.ua

Беларускія ўлады могуць ускладніць Крамлю дронавыя атакі па поўначы Украіны. Але для гэтага спатрэбіцца не толькі палітычная воля Лукашэнкі, але, магчыма, адключэнне мабільнай сувязі ў памежных з Расіяй раёнах Гомельшчыны.

Такую здагадку ў каментарыі для Еўрарадыё выказаў беларускі вайсковы добраахвотнік з пазыўным “Крот”.

“[Лукашэнка] можа выключыць і тое [рэтранслятары], і другое [вышкі мабільнай сувязі]. Тэхнічна гэта магчыма. У выпадку з рэтранслятарамі трэба разумець, хто іх кантралюе і чыё гэта абсталяванне.

Пытанне тут не тэхнічнае, а палітычнае. Калі рэтранслятары належаць [Расіі], гэтае рашэнне запатрабуе палітычнай згоды <...> альбо гатоўнасці бульбафюрэра ўступіць з ёй у канфлікт”.

У выпадку жа з мабільнымі вышкамі, калі іх адключыць, то прыгранічныя населеныя пункты і насельніцтва застануцца без сувязі. Але і тут можна было б працаваць больш тонка.

“Напрыклад, аператары могуць заблакіраваць пэўныя SIM-карты, роўмінгавыя падключэнні, дыяпазоны ідэнтыфікатараў расійскіх абанентаў, якія выкарыстоўваюць мадэмы або перадачу даных праз канкрэтныя пункты доступу. 

Тэарэтычна можна таксама змяніць параметры прыгранічнага пакрыцця. Аднак для гэтага неабходна дакладна разумець, якія SIM-карты і схемы падключэння выкарыстоўваюцца, а [расіяне] могуць рэгулярна іх мяняць”, — лічыць добраахвотнік.

Нагадаем, дарадца Зяленскага ў галіне ваенных радыётэхналогій Сяргей Бяскрэстнаў звярнуў увагу, што расійскія дроны змянілі тактыку атакі поўначы Украіны. Цяпер “Шахеды” ляцяць шчыльным шэрагам уздоўж мяжы з Беларуссю і змяняюць траекторыю, калі памежная зона заканчваецца. 

Вайсковыя эксперты разыходзяцца ў меркаваннях, з чым гэта можа быць звязана і ці дапамагаюць у гэтым расійскаму войску беларускія рэтранслятары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.