Расійскія дроны працягваюць лётаць уздоўж мяжы Беларусі. Лукашэнка зможа гэта "адключыць"?

дроны шахед Беларусь

Баявыя дроны "Шахед", якасць палепшана з дапамогай ШІ / Getty

Расійскія войскі апошнім часам змянілі тактыку абстрэлу Кіева дронамі. Цяпер “Шахеды” ляцяць роўна ўздоўж мяжы з Беларуссю. На гэта ў нядзелю звярнуў увагу Сяргей Бяскрэстнаў, дарадца Уладзіміра Зяленскага па пытаннях развіцця тэхналагічных напрамкаў.

Няўжо Беларусь зноў уключыла рэтранслятары ўздоўж мяжы і правакуе прэзідэнта Украіны на новы ўльтыматум Лукашэнку?

Журналіст Еўрарадыё запытаўся пра гэта ў вайсковых экспертаў.

 

Асаблівасці новай тактыкі расіян

Бяскрэстнаў перабірае некалькі версій, чаму варожыя БПЛА ляцяць пэўным маршрутам.

“Здавалася б, гэта бессэнсоўна. Чаму не найкарацейшым маршрутам, чаму не рознымі? Што прымушае іх ляцець менавіта так? У мяне толькі адна выснова — яны максімальна доўга трымаюцца каля мяжы з Беларуссю. Але навошта?

Можа, гэта радыёсувязь праз пункты кіравання МЕШ (спосаб сувязі, пры якім прылады перадаюць даныя адна адной, ствараючы адзіную сетку. — Еўрарадыё) у Беларусі? Але пункты сувязі працуюць значна далей, чым да мяжы. Што яшчэ?”

Дарадца Зяленскага лічыць найбольш верагодным, што LTE-мадэмы на “Шахедах” пры такім маршруце палёту працуюць з базавымі станцыямі мабільнай сувязі Беларусі.

З гэтай версіяй пагадзіўся кіраўнік камунікацый камандавання УСУ Юрый Ігнат.

“Акрамя дронаў, якія ляцяць па дакладна зададзеных каардынатах, сур’ёзную небяспеку ўяўляе тое, што частка беспілотнікаў мае анлайн-кіраванне. Для гэтага вораг выкарыстоўвае mesh-сеткі, дзе кожны дрон служыць рэтранслятарам сігналу для станцыі кіравання”.

Дзякуючы аператарам на камандных пунктах расіяне могуць ацэньваць сітуацыю ў рэальным часе, адрозніваць макеты ад сапраўдных аб’ектаў і выбіраць прыярытэтныя цэлі. 

 

“Гэта ўсё можа быць фізічна пацверджана”

Запытаныя намі спецыялісты разышліся ў меркаваннях, ці сапраўды беларуская інфраструктура задзейнічана ў маршрутах дронаў.

“На сённяшні дзень мы пакуль не чулі ніякіх афіцыйных заяў пра тое, што рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі цяпер выкарыстоўваюцца менавіта ў такім фармаце”, — лічыць Аляксандр Каваленка, украінскі ваенна-палітычны аглядальнік групы “Інфармацыйнае супраціўленне”.

Эксперт не выключае, што такі маршрут быў выкарыстаны як максімальна аптымальны для павышэння эфектыўнасці ўдарных магчымасцей.

“Максімальнае набліжэнне да мяжы з Беларуссю ў пэўнай ступені дазваляе разглядаць гэтую тэрыторыю як шэрую зону, дзе сканцэнтравана мінімальная колькасць сродкаў СПА. Там прысутнічаюць у асноўным войскі стрымлівальнага, скоўвальнага фармату, тады як СПА сканцэнтравана бліжэй да самой сталіцы”.

Расійскія дроны працягваюць лётаць уздоўж мяжы Беларусі. Лукашэнка зможа гэта "адключыць"?
Тактычныя вучэнні спецпадраздзяленняў ваеннай разведкі і КДБ Беларусі / LookByMedioa

Менавіта такі сцэнарый мог выкарыстоўвацца для таго, каб наносіць удары ўздоўж мяжы Беларусі без прымянення рэтрансляцыйных функцый тых ці іншых установак, якія знаходзяцца непасрэдна на тэрыторыі Беларусі.

“Калі гэта не так, то, вядома ж, у бліжэйшы час мы пачуем афіцыйную заяву і нават пацвярджэнне таго, што на тэрыторыі Беларусі сапраўды забяспечвалася падтрымка сігналу для прымянення гэтых сродкаў паражэння ў рэальным часе. Гэта ўсё можа быць фізічна пацверджана”, — лічыць Каваленка.

Прадстаўнік BELPOL і эксперт у галіне бяспекі Уладзімір Жыгар прытрымліваецца версіі, ужо агучанай УСУ.

“Справа ў тым, што выкладзеныя ў адкрытым доступе маршруты пралёту знаходзяцца недалёка ад беларускай мяжы — прыкладна за 15–20 км.

Базавыя станцыі сістэм сотавай сувязі могуць працаваць на дастаткова вялікай адлегласці з абаненцкімі прыёмнікамі пры ўмове прамой бачнасці. Гэта тая сітуацыя, калі ніякія перашкоды не з’яўляюцца перашкодай для распаўсюджвання электрамагнітных хваль. Менавіта такая сітуацыя характэрна для высока размешчанай антэны базавай станцыі і беспілотнага лятальнага апарата, які ляціць на дастаткова вялікай вышыні”.

Аднак нават у гэтай сітуацыі ёсць абмежаванні. Далёкасць сувязі для базавых станцый сістэм сотавай сувязі абмяжоўваецца адчувальнасцю іх прыёмнай прылады. Калі сігнал будзе слабым, яна проста не зможа яго ўзмацніць і апрацаваць.

“У самым ідэальным выпадку максімальна магчымая адлегласць ад базавай станцыі да мабільнага аб’екта можа складаць не больш за 30 км. Уздоўж мяжы Беларусі і Украіны недалёка ад маршруту пралёту беспілотных лятальных апаратаў знаходзіцца дастатковая колькасць базавых станцый беларускіх аператараў сотавай сувязі, якія размешчаны на адлегласці прыкладна ад 2 да 10 кіламетраў ад мяжы, — тлумачыць Жыгар. — Гэта значыць, што тэарэтычна існуе прыкладна дваццацікіламетровая зона ад мяжы ўглыб Украіны, якая можа быць выкарыстана для забеспячэння сувязі з беларускімі базавымі станцыямі”.

Расійскія дроны працягваюць лётаць уздоўж мяжы Беларусі. Лукашэнка зможа гэта "адключыць"?
Беспілотнікі падчас вылету / Polskie Radio

Іншай версіяй пралёту эксперт лічыць складана перасечаную мясцовасць для працы СПА і ацэнку разведкі, дзякуючы якой гарантуецца мінімальная колькасць страт дронаў. 

“Верагодна, агрэсар разлічвае на тое, што ўкраінскаму боку ў такіх умовах даводзіцца весці агонь у напрамку беларускай мяжы. Існуюць рызыкі інцыдэнтаў з грамадзянамі Беларусі. Гэта можа прымушаць украінцаў абмяжоўваць віды ўзбраення для барацьбы з дронамі, каб не ўцягнуць Беларусь у канфлікт”, — разважае суразмоўца.

 

“Ён не зможа ім паўнавартасна супрацьдзейнічаць”

У любым выпадку такая актыўнасць расійскіх паветраных сіл можа ў тэорыі зноў справакаваць украінскія ўлады націснуць на Лукашэнку, каб ён перастаў дапамагаць Крамлю ў атаках. 

Жыгар лічыць пытанне рытарычным. 

“Прагназаваць і спадзявацца на выкананне абяцанняў такім чалавекам [як Лукашэнка] бессэнсоўна. Мінулы ўльтыматум паказаў, што яму хапіла ўсяго пары месяцаў, каб устрымацца ад паўторнага прадастаўлення базавых станцый у інтарэсах расійскіх дронаў.

Як мы бачым, Крэмль змог паказаць дыктатару больш «жахлівую перспектыву», чым гэта змог зрабіць прэзідэнт Украіны сваім ультыматумам”.

Гэтая праблема, па меркаванні эксперта, можа быць вырашана цяпер толькі чымсьці, што зможа перабіць страх Лукашэнкі перад Пуціным. І, падобна, нічога не застаецца, акрамя як знішчыць беларускія базавыя станцыі ўздоўж маршруту пралёту дронаў.

Каваленка тым часам упэўнены, што Лукашэнка не гатовы да таго, каб супрацьдзейнічаць патэнцыйнай атацы Украіны ў выпадку ігнаравання пагроз.

“Калі ж казаць пра Беларусь, нам не спатрэбіцца такая колькасць сродкаў паражэння, каб проста вывесці з баявога стану ўсю сістэму СПА Беларусі, а затым і прадпрыемствы крытычна важнага значэння для Лукашэнкі — ваенна-прамысловы комплекс, некаторыя перапрацоўчыя прадпрыемствы і іншае. На гэта спатрэбіцца прыкладна тыдзень”.

Эксперт лічыць, што рэжым да гэтага цалкам не гатовы.

“Таму ў сітуацыі з такім пралётам дронаў гаворка, хутчэй за ўсё, усё ж ідзе пра выкарыстанне больш зручнага маршруту для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны, чым пра выкарыстанне рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі.

Калі Лукашэнка хоча такім чынам справакаваць Украіну, то наступствы будуць адпаведнымі, і ён не зможа ім паўнавартасна супрацьдзейнічаць”, — падсумоўвае Каваленка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.