Замест $3,5 млрд — $1 млрд: куды вядуць крэдытныя гульні Расіі з Лукашэнкам

Грошай мы вам, можа быць, дамо. Але не столькі, колькі вы просіце / Getty Images / Ф. Вогель
Грошай мы вам, можа быць, дамо. Але не столькі, колькі вы просіце / Getty Images / Ф. Вогель

Атрымаць крэдыт ад Расіі на $3,5 мільярда — такую магчымасць прапрацоўвалі ўлады Беларусі ў снежні 2021 года. А ў лютым 2022-га міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў заявіў, што Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця не можа выдаць столькі грошай. Пры гэтым Масква гатовая разгледзець суму рэфінансавання ў $1 мільярд.

Чаму Крэмль не хоча раскашэліцца напоўніцу?

— Мне здаецца, тут дзве плоскасці — палітычная і эканамічная. З эканамічнага пункту гледжання я абсалютна згодны: даваць грошы Беларусі нельга, таму што фінансавы стан Беларусі вельмі цяжкі. У тым ліку гэта звязана з санкцыямі, — лічыць эканаміст Уладзімір Кавалкін. — У такіх умовах банкіры грошай не даюць, таму што могуць не вярнуць. Потым мучся, як гэтыя грошы спагнаць. Патрабуюць прыватызацыю праводзіць. А мы ведаем, што ў Беларусі яе праводзіць не вельмі імкнуцца. Гэта можа зацягнуцца на доўгія гады, а грошы патрэбныя цяпер.

З палітычнага пункту гледжання гэта выдатны рычаг. Пуцін і яго акружэнне выдатна разумеюць, што Лукашэнку нідзе, акрамя як у Расіі, грошай не дадуць. На мой погляд, гэта вельмі добрая пазіцыя для перамоваў. Спачатку даць слова сваім фінансістам і банкірам, а потым пачаць перамовы.

У 2021 годзе гаворка ішла пра 3,5 мільярда долараў. Адкуль такая лічба?

— Беларусі вельмі патрэбныя грошы для рэфінансавання дзяржаўнага доўгу, — тлумачыць Уладзімір Кавалкін. — Бюджэт на сённяшні дзень звярстаны так, што гэтыя грошы вельмі патрэбныя. У 2022 годзе плацяжы складуць 10 мільярдаў у беларускіх рублях. З іх амаль 7 мільярдаў асноўнага доўгу і 3,5 мільярда адсоткаў.

Беларускі Мінфін імкнецца рэфінансаваць асноўную частку для падтрымання дзяржаўнага доўгу не вышэй і не ніжэй таго ўзроўню, на якім ён знаходзіцца. Адсоткі хочуць аплаціць у тым ліку за кошт бюджэту. У сувязі з тым што Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі, то магчымасці рэфінансаваць дзярждоўг вельмі моцна скараціліся.

Як такая сітуацыя адаб'ецца на беларускай эканоміцы?

— Чым менш грошай удаецца атрымаць для рэфінансавання дзярждоўгу, тым больш грошай трэба даставаць з бюджэту. Адпаведна, давядзецца скарачаць бюджэтныя расходы і накіроўваць гэтыя грошы на выплату дзярждоўгу. Калі простай мовай, то гэта меншыя заробкі настаўнікам, міліцыянерам, лекарам і іншым бюджэтнікам, менш грошай на дарогі і інфраструктуру. Гэта значыць, масты будуць часцей падаць, але больш грошай на тое, каб вярнуць дзярждоўг, — рэзюмуе эканаміст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі